Зміцер Саўка: Дзяржава праявіла сваю беларускасць і стала на бок нормы
Мовазнаўца каментуе вынікі канферэнцыі ААН, на якой беларуская лацінка была зацверджаная для транслітэрацыі геаграфічных назваў.
Еўрарадыё: Чаму цяпер ААН прыняла варыянт беларускай лацінкі, а не англійскай?
Зміцер Саўка: Трэба ўнесці пэўную яснасць – не было ніякага варыянту. Беларуская дзяржава не займалася гэтым пытаннем, і толькі ў 2000-м годзе беларускія ўлады звярнуліся да адпаведных міжнародных органаў. Беларускія навукоўцы падрыхтавалі адпаведны дакумент, і першы варыянт ужо разглядаўся ў 2000-м годзе. У 2007-м практычна гэты працэс падрыхтоўкі і скончыўся, унеслі нейкія ўдакладненні і вянцом гэтых дванаццацігадовых намаганняў стала апошняя ААНаўская пастанова, якая замацавала беларускую лацінку ў якасці адзінай лацінаграфічнай прэзентацыі для беларускіх назваў.
Еўрарадыё: Ці спадабаецца гэта беларускім чыноўнікам? Цяпер жа давядзецца ўсё перапісваць.
Зміцер Саўка: Самі беларускія чыноўнікі гэта ўсё і завізавалі. Такі дакумент не мог бы легчы на стол ААНаўскіх экспертаў, калі б гэта не ішло абсалютна афіцыйнымі шляхамі. Такім чынам, я б сказаў, што ініцыятыва акурат зыходзіла са структур Савета міністраў. І з гэтай прычыны гэта дакумент абсалютна народжаны ў нетрах чыноўніцкай сістэмы. Як бачыце, часам беларуская дзяржава праяўляе сваю беларускасць і гэта шчаслівы выпадак, калі беларускія чыноўнікі сталі на бок нормы і ўбачылі ў беларускай мове аснову для транслявання беларускіх уласных назваў на цэлы свет. Гэта вельмі пазітыўны крок. Пра гэта трэба паведамляць штодня, каб нас пачулі іншыя органы, я маю на ўвазе Міністэрства ўнутраных справаў, якое да сённяшняга дня карыстаецца ў сваёй дзейнасці абсалютна іншымі дакументамі, якіх ніхто ніколі не ўхваляў, якія не праходзілі ніякай экспертнай ацэнкі, паходжанне якіх проста невядомае.
Еўрарадыё: Што будзе цяпер з нашымі пашпартамі? МУС можа нас пачуць і перапісаць пашпарты?
Зміцер Саўка: Несумненна, узнікае вельмі непрыемная калізія. Дапусцім, чалавек з прозвішчам Гацук, які нарадзіўся ў вёсцы Гацук. І можа ўзнікнуць сітуацыя, пры якой літара "ц" будзе перадавацца праз "ts" у ягоным прозвішчы, але нармальным "с" у назве вёскі, з якой ён паходзіць. Такія сітуацыі могуць быць, і тым важней цяпер прывесці ўсё да адзінства, каб усе ўласныя назвы – імёны, прозвішчы, назвы населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў – каб усё гэта падавалася паводле дакумента, зацверджанага з аднаго боку беларускай дзяржавай, з другога адпаведнымі органамі ААН.
Еўрарадыё: Які орган у Беларусі мусіць звярнуцца да Міністэрства ўнутраных справаў, каб яны выправілі пашпарты беларусаў?
Зміцер Саўка: Воля вярхоў. Савет міністраў фактычна і распачаў гэты працэс. Нагадаю, што пры Савеце міністраў ёсць адпаведны камітэт – зямельных рэсурсаў. Трэба, каб Савет міністраў аддаў загад, перастаць займацца самадзейнасцю, скажаць беларускія прозвішчы, а ісці за афіцыйнымі дакументамі, прынятымі яшчэ ў 2000-м годзе і папраўленымі ў 2007-м. Проста трэба выконваць уласныя пастановы. А калі ў дзяржаве правая рука не ведае, што робіць левая, атрымліваецца так, як цяпер.
Еўрарадыё: А калі чалавеку трэба мяняць пашпарт, ці можа ён папрасіць, каб яму напісалі прозвішча беларускай лацінкай, бо была адпаведная пастанова Савета міністраў? Ці пойдуць яму насустрач?
Зміцер Саўка: Такіх прэцэдэнтаў было ўжо нямала. Некалькі маіх знаёмых пастараліся пры абмене пашпарта правільна напісаць паводле беларускай лацінкі, як гэтага патрабуе беларускае заканадаўства і як гэта цяпер ужо адпавядае міжнародным актам. Яны дайшлі да найвышэйшага начальства, прынамсі адной з іх начальнік усёй службы пашпартызацыі, вельмі высокі чын, да якога ёй удалося дайсці, сказаў, што нічога гэтага не будзе, бо ў іх іншая інструкцыя. Усё. Канец. Трэба мяняць гэтую інструкцыю, трэба каб была ініцыятыва дзяржаўных органаў. Ясна, што нас з вамі, грамадзяніна Саўку ці грамадзянку Міцкевіч не пачуюць. У іх ёсць інструкцыя. Якая б яна ні была кепская, якая б яна ні была левая і нікім сур’ёзна не падрыхтаваная – у любым выпадку яна ў іх працуе. Гэта для іх працоўны акт.
І для таго, каб штосьці змяніць, усё павінна адбывацца зверху. На жаль, мы як грамадзяне, сур’ёзна на гэта паўплываць не можам. Іншая рэч – мы маглі б можа сваімі допісамі ў Савет міністраў, у адміністрацыю звярнуць увагу на ненармальнае становішча. Але, шчыра кажучы, у гэтыя намаганні я мала веру. Думаю, што спадар Трусаў ад імя ТБМ цяпер будзе мець яшчэ большыя падставы звярнуць увагу на няправільнасць такой сітуацыі, яе абсурднасць. Але ведаеце, у нашай краіне гэта не адзінае месца, у якім мы сутыкаемся з абсурдам.
Еўрарадыё: То бок, пастанова прынятая, а шыльды могуць і не змяніцца?
Зміцер Саўка: Я баюся, што гэта ніякага значэння не будзе мець для людзей, якія прымаюць канкрэтныя рашэнні , якія бяруць ваш пашпарт і ў ім штосьці прапісваюць. Я думаю, што нічога не зменіцца, бо яно не змянілася пасля 2000-га году, калі дакумент прымалі ў Беларусі, пасля 2007-га, калі прынялі змены і зрабілі дакумент сапраўды прыстойна аформленым. Я не думаю, што ў 2012-м факт прыняцця з боку ААН гэтага дакумента штосьці зменіць. На жаль, нашы ўлады мала азіраюцца на міжнародную супольнасць і на міжнародныя нормы. Таму залішняга аптымізму я не меў бы. З іншага боку, я хацеў бы заклікаць нашых грамадзян, а найперш -- людзей, звязаных з медыйнымі сродкамі – з газетамі, з інтэрнэт-сайтамі, з тэлебачаннем і радыё – выкарыстоўваць беларускую лацінку для падачы беларускіх назваў і прозвішчаў, хаця б у тых сродках, дзе моўны рэжым залежыць толькі ад нас з вамі.