Змітра Дашкевіча перавялі ў СІЗА Жодзіна
Зміцер Дашкевіч / Еўрарадыё, архіўнае фота
Палітвязня Змітра Дашкевіча перавялі ў СІЗА Жодзіна. Пра гэта напісала ў сацсетках ягоная жонка Наста.
"Я не ведаю навошта яшчэ ўсе гэтыя прыгоды. Навошта пазбаўляць чатырох дзяцей таты. Мы ціха адседзелі свой цяжкі тэрмін, спаўна сплацілі сваё. І аддалі нават болей, чым маглі", — пракаментавала яна.
Жонка палітвязня падзялілася ўрыўкам ліста ад яго:
"У нейкі час я пачаў успрымаць каханне як належнае і тое, што само сабою мае быць. А яно не належнае — гэта падарунак Неба, святы дар, які трэба берагчы і шанаваць. І яно не само сабою мае быць — каханне трэба ачышчаць ад пустазелля, зерне кахання трэба збіраць ашчадна, правейваць і рабіць муку, каб шторанак пекчы з яе булачку для сваёй каханай! І вось я тут — у гэтым жаху. І згарэла ўсё пустазелле, і камяні нават палопаліся ад пекла, якое я праходжу, і сталіся пылам, а зерне кахання ўзыходзіць, і каласуе, і хутка дасьць плод стакроць. І я спяку табе, і вам багата смачных булачак, якія будуць таяць у вуснах вашых! Я буду пекчы іх вам кожны ранак".
За ўдзел у вулічных пратэстах хрысціянскі вернік і бацька чатырох дзяцей Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на 1,5 года зняволення. У дзень выхаду, 11 ліпеня, жонка даведалася, што яго зноў затрымалі і пачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.