Зоя “Зьмяя”: Калі б вакалістам быў Вова, мы былі б больш папулярнымі
Удзельнікі гурта Зоя і Уладзімір Сахончыкі пра эратызм у творчасці, новы альбом, боршч і рок-карону.
У студыю Еўрарадыё фронтвумэн і гітарыст “Зьмяі” прыходзяць разам з дачушкай. Пакуль Марыя занятая гульнёй на тэлефоне, мы размаўляем з Зояй і Вовам пра правакацыйную вокладку новага альбома гурта “Попробуй”. Дарэчы, меркаванні наконт мэтазгоднасці падобнага кроку ў шлюбнай пары разыходзяцца.
Еўрарадыё: Тандэм вокладкі і назвы вашага новага альбома "Попробуй" выклікае рознага кшталту рэакцыі. Што і каму прапануеце паспрабаваць?
Зоя Сахончык: Першапачаткова ідэя афармлення дыска была ў тым, каб данесці да слухача, што наша музыка — гэта і ёсць наша страва. Мы доўга думалі, што гэта мусіць быць за страва, і прыйшлі да высновы, што гэта струны. Яны павінны былі ўпрыгожыць тытульную старонку вокладкі, але атрымалася, што там апынулася я, якая спрабуе ўжо гэтую страву. Гэта, насамрэч, выйшла выпадкова.
Звычайна мы імкнёмся прыбіраць усё лішняе з нашай музыкі — непатрэбныя дробязі, словы, ноты. Таму вокладка мінімальна простая з мінімумам непатрэбных рэчаў. А на фартух мяне натхніла незнаёмая жанчына, працаўніца аднаго з гіпермаркетаў. Мы проста вар'яцелі ад таго, што нічога не нараджаецца ў плане вокладкі, і аднойчы я павярнулася і раптам убачыла яе ў неахайным гольфіку і цэлафанавым фартуху. І тут мяне азарыла! І я кажу: "Вова, калі ў нас ёсць страва, дык мусіць быць і повар! Пажадана, крэйзі-повар". Вова пагадзіўся, але адказаў, што пад фартухом у мяне нічога не мусіць быць.
Вова Сахончык: Наш альбом адкрыты, шчыры і без пафасу. Таму і вокладка адпаведная. Дыск выпусціць Vigma, і ён будзе стаяць на паліцах гіпермаркетаў. Каб прывабіць звычайнага спажыўца, трэба каб вокладка была цікавай.
Зоя Сахончык: Я тут хачу паспрачацца з Вовам, таму што я не згодная з тым, што мы рабілі гэтую вокладку, каб прыцягнуць увагу спажыўца! Бо першапачаткова на дыску мусілі быць струны!
Вова Сахончык: Калі б былі струны, яна б згубілася на фоне іншых дыскаў. Таму такая і вокладка — мінімалізм ва ўсім.
Еўрарадыё: У любым выпадку, вокладка атрымалася даволі скандальнай. Як правакацыйнасць не ператварыць у пошласць? Дзе мяжа, якую нельга пераступіць?
Зоя Сахончык: Ёсць мастацтва, і ёсць парнаграфія. І важна адчуваць гэтую мяжу. Калі ты творца, ты мастак, ты мусіш гэта разумець. Калі ты чалавек далёкі ад мастацтва, дык ёсць верагоднасць, што ў цябе нават няма паняцця гэтай мяжы ад пачатку. Спадзяюся, што мы гэтую мяжу не перакрочым, музыку пішам усё ж някепскую, на мой погляд.
Еўрарадыё: Наколькі ваша творчасць і эротыка сумяшчальныя?
Зоя Сахончык: У нашых песнях няма эротыкі. Гэта такая гульня — недзе нешта сабе дазволілі.
Цяпер я не супраць парэкламаваць сябе
Еўрарадыё: У 2005 годзе ў інтервью парталу xlam.by вы казалі, што саромеецеся сябе рэкламаваць. Аднак, гледзячы па вашых дзеяннях у гэтым годзе, вы пабаролі ў сабе гэта.
Зоя Сахончык: Цяпер наша музыка і творчасць абсалютна лёгкія — яны мне падабаюцца. Яны ідуць з душы. Так, сапраўды, калі б мы адразу пайшлі гэтым шляхам, то ў нас не было б спрэчак, мы б не пераскоквалі ад аднаго да другога, не казалі б, што "Зьмяя" цяпер такая, а заўтра іншая... Дык вось, цяпер я не супраць парэкламаваць сябе.
Еўрарадыё: Раней за вокладку з'явіўся такі ж правакацыйны кліп "На ниточке". Вы чакалі, што яго адцэнзуруюць?
Уладзімір Сахончык: Вядома! Таму рэжысёр адразу заліў яго на некалькі рэсурсаў.
Зоя Сахончык: І гэта правільна. Я, як маці, лічу, што на даступных сайтах павінна быць як мага больш падобнай цэнзуры.
Еўрарадыё: Дарэчы, вы збіраліся зняць яшчэ адзін кліп з Алексам Жарнасекам.
Зоя Сахончык: Так, усё ў сіле. Але гэта будзе ўжо для наступнага альбома. Нас ніхто не фінансуе, мы самі гэтым займаемся. Таму дзеля таго, каб зняць чарговы кліп, трэба, каб прайшоў час. Ужо ёсць ідэя кліпа, ёсць песня. Застаецца крыху пачакаць.
Калі жанчына ў 32 гады спявае гроўлінгам, гэта як мінімум смешна
Еўрарадыё: Чаму ў выніку адмовіліся ад гроўлінгу і перайшлі да звычайных, чыстых спеваў?
Уладзімір Сахончык: Вырашылі быць бліжэй да людзей (смяецца).
Зоя Сахончык: Гроўлінг — гэта справа, якую трэба перарасці. У мяне ў жыцці няма дэпрэсіі і агрэсіўных падзей, навошта мне гэта? І, па-другое, калі жанчына ў 32 гады спявае гроўлінгам, гэта як мінімум смешна (смяецца). Гроўлінг — гэта час падлеткаў, якія нечаму супраціўляюцца. Хаця наш бубнач у нядаўнім інтэрв'ю заявіў, што наш наступны альбом будзе ў стылі дыска-панку і з гроўлінгам. Так ён нас бачыць у будучыні (смяюцца).
Еўрарадыё: Зоя, таксама некалі табе было агідна пісаць песні пра каханне. Ці змянілася нешта ў гэтым плане?
Зоя Сахончык: Так. Дагэтуль я ніколі не спрабавала пісаць пра каханне. Мне гэта падавалася глупствам. Але, насамрэч, светам кіруюць тры пачуцці: голад, страх і каханне. І, адпаведна, не спяваць пра каханне, няправільна. Я паспрабавала напісаць некалькі песень, і яны мне спадабаліся. Спадабаліся на смак, іх прыемна вымаўляць, адчуваць. Чаму б і не?
Еўрарадыё: Улічваючы кліп і вокладку, паўстае пытанне, для каго гурт грае?
Уладзімір Сахончык: Нашы песні слухаюць нават дзеці!
Зоя Сахончык: Я не хачу дзяліць нашу публіку на ўзросты. Творчасць — яна ж такая: каго чапляе, таго са сабой і цягне. Вазьміце творчасць якога-небудзь пісьменніка, які нарадзіўся 150 гадоў таму. Некага чапляе гэта ў 7 гадоў, а некага толькі ў 50! Розная наша публіка, і ўзростава і сацыяльна.
Еўрарадыё: Складаецца ўражанне, што да славы вы не імкняцеся. Ці так гэта?
Зоя Сахончык: Так, ёсць такое. Што такое слава? Гэта ганарыстасць. Магчыма, я аднойчы змяню сваё меркаванне. Можна прывесці прыклад сярэднестатыстычных сем'яў, якія ідуць на працу, прыходзяць з працы, ядуць, кладуцца спаць. Некаторыя выпіваюць. А я не хачу быць такой! Я хачу ствараць і рабіць унёсак у развіццё беларускай культуры. Я хачу быць кімсьці, я не хачу быць нікім. Але пры гэтым я не хачу быць ганарлівай.
Хочацца граць музыку, якую будзе прыемна слухаць людзям
Еўрарадыё: Як цяпер акрэсліваеце свой стыль?
Зоя Сахончык: Калі проста сказаць, гэта ўсё ж рока-попс.
Уладзімір Сахончык: Усё ж, больш рок.
Еўрарадыё: А чаму захацелася граць рока-попс?
Зоя Сахончык: Хочацца проста граць музыку, якую будзе прыемна слухаць людзям. А не тую, якую людзі прымушаюць сябе слухаць, таму што гэта модна.
Уладзімір Сахончык: Мы ніколі не ставілі мэту, прыдумаць песню ў нейкім пэўным стылі. Вось падабаецца яны ўсім удзельнікам, і выдатна.
Зоя Сахончык: Рабіць пэўнага стылю музыку выгадна камерцыйным гуртам. Камерцыйная музыка — гэта тая музыка, якая не развіваецца. Яна знаходзіцца ў пэўных межах. То бок, каб зарабіць энную колькасць грошай, ім трэба адпавядаць пэўным патрабаванням — модзе, тэндэнцыям, культуры. Наша ж музыка актуальная і на сённяшні дзень.
Грамадства дыктуе нам абсалютна іншыя ўмовы, таму перайшлі на рускую мову
Еўрарадыё: Што мусіць распавесці ваш альбом?
Зоя Сахончык: Пласцінка атрымалася дастаткова пажадлівай. Ёсць і смешныя песні.
Уладзімір Сахончык: Нават дзіцячыя.
Зоя Сахончык: Ты пра "Мега бой"? Я б не сказала, што ён дзіцячы. Ён, хутчэй, больш крыклівы. Бо Беларусі сапраўды патрэбны герой! (смяецца)
Еўрарадыё: Чаму адышлі ад беларускай мовы?
Зоя Сахончык: Гэта складанае пытанне, і мне вельмі горка на яго адказваць. Рашэнне было прынятае наступным чынам: тры супраць аднаго.
Еўрарадыё: Але ж вы не адмаўляецеся ад беларускай мовы ўвогуле? Гэта тычыцца толькі гэтага альбома?
Зоя Сахончык: Не. Ва ўсялякім разе, дзве песні я адваявала (смяецца).
Уладзімір Сахончык: А старыя песні выконваем у арыгінале, мы іх не перакладалі.
Еўрарадыё: Вова, дык чаму ўсё ж вы адстойвалі рускую мову?
Уладзімір Сахончык: Таму, каб быць больш даступнымі. Бо многія не хочуць чамусьці слухаць музыку на беларускай мове. Адзіны беларускамоўны калектыў, які збірае залы, гэта Akute. Калі мы ўжо будзем папулярнымі, то мы, натуральна, ужо зможам сабе дазволіць альбом на беларускай мове. На жаль, грамадства дыктуе нам абсалютна іншыя ўмовы.
Калі б я спяваў у “Зьмяі” мы б былі больш папулярнымі
Еўрарадыё: Наколькі “Зьмяя” сябе арганічна адчувае ў беларускім музычным кантэксце?
Зоя Сахончык: Ніколі не задумваліся пра гэта! Ды нармальна адчуваем! Па сутнасці, мы ніколі не належалі да пэўнай музычнай тусоўкі. Маглі выканаць адну песню на металёвай сходцы, адну — на хардкоравай. Я даўно казала хлопцам, што нам трэба рабіць сольныя канцэрты. Што калі выходзіць і граць па тры песні, не будзе нічога добрага. Трэба ствараць сваю гісторыю, сваю праграму, сваю культуру… Натуральна, трэба абавязкова слухаць іншую музыку, каб ведаць, што адбываецца. Але калі ты ствараеш сам па сабе, не заганяючы сябе ў нейкія межы, ты робіш нешта сваё, і, магчыма, метадам тыку і вынайдзеш сваю новую галіну. Вельмі хацелася б, каб у кожнага беларускага гурта было сваё беларускае гучанне, менавіта беларускае, а не модныя межы.
Еўрарадыё: Які гурт, жаночы ці мужчынскі мае больш шанцаў для раскруткі ў Беларусі?
Зоя Сахончык: Мужчынскі. Таму што жанчына, як гэта груба ні гучыць, мусіць, як кажа Ярмошына, варыць боршч. Так, ёсць моманты, калі жанчына знаходзіцца ў цікавым становішчы, калі трэба падымаць на ногі дзіця, сачыць за домам. Гэта ўсё вельмі адцягвае ўвагу ад творчасці. І вось, альбо трэба “забіваць” на гэта, альбом, каб гэтым займаўся нехта іншы. Жанчыне гэта складаней зрабіць, чым мужчыне. Мужчына нашмат долей можна знаходзіцца ў нармальным стане на сцэне. То бок, нават стары мужчына на сцэне глядзіцца, у прынцыпе, нармальна.
Уладзімір Сахончык: Пол Макартні, напрыклад, выдатна глядзіцца — я глядзеў канцэрт нядаўна.
Зоя Сахончык: Мадонна таксама нічога, але ж яна займаецца сабой!
Уладзімір Сахончык: У нашай краіне значна лягчэй дабіцца поспеху вакалісту, чым вакалістцы. Дзяўчынкі больш любяць хлопчыкаў, ды і на канцэрты больш ходзяць дзяўчынкі, чым хлопчыкі. Калі б я спяваў у “Зьмяі” мы б былі больш папулярнымі (смяецца).
Зоя Сахончык: Думаю, так!
Еўрарадыё: Як паўплывала на цябе, Зоя, каранаванне? Што ты адчуваеш цяпер Каму б ты перадала карону без сораму? (Зоя Сахончык атрымала тытул Рок-князёўна-2010 па выніках прэміі “Рок-каранацыя”).
Зоя Сахончык: Мне, вядома, было вельмі прыемна атрымаць такую пачэсную ўзнагароду. Карона стаіць у мяне на кухні на відным месцы. Так, я ганаруся ёй. Але, натуральна, што нос не задзіраю. А каму б перадала карону? Ну, адразу і не скажу. І наўрад ці хто-небудзь так сходу скажа. Трэба падумаць, паглядзець усіх кандыдатак, зладзіць галасаванне, каб было ўсё справядліва (смяецца)… Праўда, Паша Кашырын часта нагадвае, што я на сёння апошняя рок-князёўна. Але мне падаецца, усё ж прыкольней быць першай рок-князёўнай.
*****
9 лістапада ў сталічным клубе Underground (былы “Гудвін”) адбудзецца канцэртная прэзентацыя альбома “Попробуй”.