ЗША, Брытанія і краіны ЕС назвалі Беларусь вінаватай у міграцыйным крызісе

Мігранты на беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА
Мігранты на беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА

Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы створаны беларускім бокам, гаворыцца ў заяве, якая была прынята па выніках закрытых кансультацый у Радзе Бяспекі ААН, паведамляе ТАСС. Дакумент падпісалі прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі і яшчэ пяці еўрапейскіх краін — Эстоніі, Францыі, Ірландыі, Нарвегіі і Албаніі.

Аўтары заявы асуджаюць арганізаваную "інструменталізацыю людзей, чые жыцці і дабрабыт пастаўленыя пад пагрозу ў палітычных інтарэсах Беларусі". У краінах, якія падпісалі заяву, лічаць, што Мінск мае на мэце "дэстабілізацыю сітуацыі на знешніх межах суседніх дзяржаў і ЕС і адцягненне ўвагі ад парушэння правоў чалавека ўнутры самой Беларусі".

У заяве таксама гаворыцца, што бакі гатовыя абмеркаваць новыя санкцыі супраць беларускіх уладаў і тых, хто спрыяе міграцыйнаму крызісу на мяжы з Польшчай. Аўтары заявы таксама заклікалі да супрацоўніцтва ўлады тых краін, адкуль прыбываюць мігранты. Улады гэтых краін павінны перасцерагчы сваіх грамадзян "ад траплення ў пастку беларускіх уладаў".

Крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЕС рэзка абвастрыўся 8 лістапада. Некалькі тысяч мігрантаў прыйшлі да польскай мяжы ў надзеі прарвацца на тэрыторыю Польшчы. Яны разбілі лагер у лесе. У ЕС лічаць, што Мінск наўмысна абвастрае сітуацыю. На будучым тыдні Брусэль плануе асудзіць ўвядзенне новага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі