Звольнены кіраўнік канцэрна “Белнафтахім” Ігар Жылін
Сайт “Хартыя 97” са спасылкай на ананімныя крыніцы паведамляе аб яго арышце.
Ігар Жылін звольнены пастановай Савета міністраў ад 30 чэрвеня № 631 "Аб вызваленні і прызначэнні некаторых службовых асоб", паведамляе агенцтва БелаПАН. Цікава, што з пяці чалавек, вызваленых ад займаных пасадаў згаданым указам, толькі ў Жыліна не пазначаная прычына звальнення.
Паводле інфармацыі крыніцы рэсурсу "Хартыя-97", 30 чэрвеня, у дзень выхада указа Саўміна, Жылін быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА. Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт пакуль не з’яўлялася.
Ігар Жылін, якому ў студзені споўнілася 73 гады, узначаліў канцэрн “Белнафтахім” 4 лютага 2011 года. Да гэтага ён кіраваў прадпрыемствам “Гродна-Азот”. У 1990-1993 гадах Жылін быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Расіі, з'яўляўся намеснікам старшыні парламенцкага камітэта па пытаннях эканамічнай рэформы і уласнасці. З 2003 года працаваў тэхнічным кансультантам маскоўскай кампаніі "СреднеАзГаз", з 2006 года - першым намеснікам генеральнага дырэктара АТ "Энэрджы Інвест" у Грузіі.