Зямлю адрадзіць, пра людзей — забыць: як у Беларусі пазбаўлялі льгот чарнобыльца
Лукашэнка марыць хутчэй "адрадзіць" забруджаныя землі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
26 красавіка споўнілася 37 гадоў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Апошнія гады пасыл уладаў — "адраджэнне зямель" зоны адчужэння. Лукашэнка шмат казаў пра гэта ў 35-гадовую гадавіну катастрофы, менш — пра людзей. Гэта вельмі адпавядае яго палітыцы. Адразу пасля прыходу да ўлады ён вырашыў зэканоміць на дапамозе пацярпелым ад чарнобыльскай трагедыі.
Па дадзеных Мінпрацы, у пачатку 2022 года ў Беларусі жылі каля 70 тысяч ліквідатараў наступстваў аварыі. Яшчэ больш за 950 тысяч чалавек — у зонах радыеактыўнага забруджвання.
Еўрарадыё ўзгадвае, як дзяржава адбірала льготы ў гэтых людзей, у тым ліку ў тых, хто ратаваў іншых. Змяненняў было вельмі шмат, таму раскажам пра асноўныя з іх.
Барацьба з ільготамі, пачынаючы з першага прэзідэнцкага тэрміну
Упершыню ў Беларусі льготы ліквідатарам Чарнобыльскай аварыі былі зменшаныя ў 1995 годзе. Прычым прэзідэнцкім указам № 349 ад 1 верасня 1995 "Аб упарадкаванні некаторых ільгот для асобных катэгорый грамадзян". Тады льготы як быццам і не забіралі, а "прыпынілі". Праўда, наноў яны так і не пачалі дзейнічаць.
Ліквідатары страцілі права на атрыманне беспрацэнтнай пазыкі на куплю або будаўніцтва жылля. Гарадскі грамадскі транспарт стаў платным для такіх людзей і знікла 50-працэнтная зніжка на адну паездку па краіне на год.
Дзяцей і падлеткаў, якія жывуць у зоне з перыядычным радыяцыйным кантролем, указ пазбавіў бясплатных лекаў па рэцэптах лекараў.
— Нават у жабрацкія 90-я гады мы знаходзілі грошы на дапамогу пацярпелым людзям, — распавядаў пра гэты перыяд Лукашэнка ў 2021 годзе.
На лекі грошай у дзяржавы не знайшлося
У 2007 годзе з'явіўся закон № 239-З "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян". Ён забраў яшчэ больш. У ліквідатараў — права на бясплатныя лекі па рэцэптах. Таксама на бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, калі яны не з каштоўных металаў.
Прапалі штогадовае бясплатнае лячэнне ў санаторыі або кампенсацыя ў памеры кошту пуцёўкі. Аплачваць дарогу да месца лячэння або абследавання дзяржава адмовілася.
Выдаткі органаў сацзабеспячэння на дагляд за хворымі дома чыноўнікі таксама прыбралі. Пры гэтым у законе адзначаецца, што гаворка ідзе пра людзей, якія не жывуць са сваякамі. Разам з гэтым знікла штогадовая аднаразовая матэрыяльная дапамога на аздараўленне ў памеры трох мінімальных зарплатаў.
Калі чалавек захварэў, атрымаў калецтва падчас ліквідацыі і больш не можа працаваць, але не мае інваліднасці, то дзяржава не будзе нічога кампенсаваць.
На гэтым перапісванні заканадаўства не скончыліся. Тое, што было "прыпыненае" ў 1995 годзе, знікла зусім. Прэферэнцыі для катэгорый, якія не змагаліся з наступствамі аварыі, знікалі яшчэ хутчэй.
Непрацаздольным людзям, якія знаходзіліся на ўтрыманні ў памерлых, да 2007 года належала штомесячная кампенсацыя. Яна складала 50% ад мінімальнай пенсіі па ўзросце, але на гэта ў бюджэце грошай не знайшлося.
Перасталі выплачвацца аднаразовыя кампенсацыі для інвалідаў і родных загінулых ліквідатараў катастрофы.
Сем'і загінулых пазбавілі грашовай дапамогі на пахаванне, якое адпавядала сямі мінімальным зарплатам. Чыноўнікі забралі ў іх і 50-працэнтную зніжку на ЖКП.
З героя-ліквідатара — у "пацярпелага"
У 2009 годзе ўлады перавыдалі закон "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый". Паводле новай версіі, найбольш значныя льготы засталіся для тых, хто захварэў або перанёс прамянёвую хваробу.
Знікла і паняцце "ліквідатар". Не абышлося без прыкрых фармальнасцяў. У 2012 годзе ліквідатарам трэба было здаць старыя пасведчанні, каб атрымаць паперку, у якой гаварылася, што чалавек проста пацярпелы. Замацавана гэта прэзідэнцкім указам №407 ад 4 жніўня 2009 года "Аб некаторых пытаннях абмену дакументаў, якія пацвярджаюць права грамадзян на льготы".
Цяпер ільготы для ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі зусім сціплыя. З найбольш значных — дапамога па часовай непрацаздольнасці ў памеры 100% сярэднядзённага заробку за дні, засведчаныя лістком непрацаздольнасці. А таксама пасля выхаду на пенсію гэтыя людзі застаюцца на абслугоўванні медустаноў апошняга месца працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.