12-гадовага сына Таццяны Караткевіч затрымліваў АМАП
Увечары 10 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Мінску Елісея Караткевіча, сына кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Таццяны Караткевіч. 12-гадовы хлопец вяртаўся з кінатэатра з сябрам і вырашыў сарваць агітацыйны плакат кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Гайдукевіча, які вісеў на выбарчым стэндзе.
“Мы размаўлялі з супрацоўнікам міліцыі, які яго затрымліваў. Яны перапісалі дадзеныя сына і адпусцілі яго. Я ўжо патлумачыла Елісею, што так рабіць нельга. Але гэта, відаць, гены яго бацькі-зуброўца”, — расказвае Таццяна Караткевіч Еўрарадыё.
Пасля гутаркі Елісея Караткевіча адпусцілі дадому. Міліцыянеры таксама паведамілі Таццяне Караткевіч, што ўвечары наведаюць яе і правядуць яшчэ адну тлумачальную гутарку.
Фота Змітра Лукашука, Еўрарадыё