Аб'ёмы кантрабанды з Беларусі ў Літву сёлета адчувальна выраслі
Супрацоўнік літоўскай мытні / delfi.lt
З закрыццём двух пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы патокі кантрабанды пераразмеркаваліся на астатнія пункты, адзначаюць у мытні Літвы.
"Сфармавалася бутэлькавае рыльца, магчымасці ўвозу скараціліся, пунктаў стала менш, і гэты натоўп спрабуе пралезці ў астатнія пункты, завезці як мага больш", — прыводзіць Delfi словы прадстаўніка Крымінальнай мытні Гедымінаса Кулікаўскаса. Пры гэтым быць злоўленымі кантрабандысты не баяцца, гуляюць, паводле слоў літоўскага мытніка, "у рускую рулетку: убачаць — не ўбачаць, зловяць — не зловяць".
Павялічылася і колькасць кантрабанды. "Калі раней у цягачы везлі 1000 або 2000 каробак, і гэта было цэлай падзеяй, то цяпер такое здараецца штодня", — кажа Кулікаўскас. Паводле яго слоў, партыі ў мільён пачкаў перасталі быць чымсьці дзіўным. Іх знаходзяць па некалькі разоў на месяц. А раней такое здаралася некалькі разоў на год. Адну з такіх партый на мінулым тыдні затрымалі ў пункце пропуску "Райгардас" (з беларускага боку — "Прывалка"). Кошт нелегальнага грузу склаў рэкордныя амаль 4 млн еўра. Цяперашнюю сітуацыю прадстаўнік крымінальнай мытні называе "адчаем кантрабандыстаў".
Паводле слоў Кулікаўскаса, за восем месяцаў гэтага года ў Літве было затрымана столькі кантрабанды, колькі за ўвесь мінулы год. Ён таксама адзначыў, што пасля ўвядзення санкцый кантрабандыстам стала складаней маскіраваць свой тавар пад легальныя грузы.
Нагадаем, 18 жніўня Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — "Шумскас" ("Лоша") і "Цвярачус" ("Відзы"). Пазней з'явілася інфармацыя аб магчымым закрыцці яшчэ двух пунктаў "Лаварышкес" ("Катлоўка") і "Райгардас" ("Прывалка"). Калі гэта адбудзецца, то трапіць у Беларусь можна будзе толькі праз пункты "Мядзінінкай" ("Каменны Лог") і "Шальчынінкай" ("Беняконі"). Днямі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў не ператвараць закрыццё пагранпунктаў на мяжы з Беларуссю ў "своеасаблівы спорт", а прэм'ер-міністр краіны Інгрыда Шыманіце паведаміла, што ўрад Літвы найбліжэйшым часам не плануе закрываць новыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.