Алег Краўчанка: Выбар для Беларусі паміж Захадам і Усходам контрпрадуктыўны
Паляпшэнне адносінаў Беларусі з Захадам не супярэчыць стратэгічнаму партнёрству з Расіяй. З такой заявай намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка выступіў у Атлантычным савеце ў Вашынгтоне, перадае БЕЛТА.
Па словах дыпламата, афіцыйны Мінск зацікаўлены ў паляпшэнні адносінаў з Еўрасаюзам і ЗША. Пры гэтым Беларусь хоча захаваць шчыльнае стратэгічнае партнёрства з Расіяй. Выбару для Беларусі паміж Захадам і Усходам Краўчанка назваў контрпрадуктыўным. "Мы сапраўды верым, што магчыма і тое, і другое. Беларусь зацікаўленая ў вялікіх аб'ёмах гандлю, інвестыцый і супрацоўніцтве па ўсіх напрамках з заходнімі краінамі. І я веру, што гэта можа адбыцца без шкоды нашым адносінам з Расіяй", — падкрэсліў намеснік міністра.
Краўчанка прызнаў, што ў беларуска-амерыканскіх адносінах найбольш важнымі з'яўляюцца пытанні правоў чалавека і дэмакратыі. Але гэта не адзіныя тэмы, дадаў ён. Дыпламат падкрэсліў важнасць такіх аспектаў, як супрацоўніцтва ў сферы бяспекі, па глабальных і рэгіянальных пытаннях. Тое, што Беларусь у 1990-я гады адмовілася ад ядзернай зброі, ён назваў нашым унёскам у глабальную бяспеку.
Яшчэ адным прыкладам супрацоўніцтва з ЗША Краўчанка назваў транзіт чыгуначным транспартам па тэрыторыі Беларусі грузаў для амерыканскіх войскаў у Афганістане. "Калі Амерыцы была патрэбная дапамога, мы яе далі. І мы зрабілі гэта свядома, мы ніколі не спрабавалі гандлявацца з нагоды гэтага супрацоўніцтва і нават публічна пра гэта не казалі", — падкрэсліў ён.
Дыпламат адзначыў, што ў Еўропе расце напружанасць. У сувязі з гэтым ён згадаў сітуацыю ва Украіне і выказаў меркаванне, што альтэрнатывы мінскім пагадненням няма.