Алена Анісім будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі
Каб нагадаць пра нацыянальна-патрыятычныя сілы на палітычным полі.
Першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) Алена Анісім не адмаўляецца ад намеру вылучацца кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. У інтэрв’ю БелаПАН яна заявіла, што працуе над стварэннем каманды і размаўляе з людзьмі з розных арганізацый.
Паводле Анісім, цяперашняя сітуацыя “вымушае рэагаваць і ісці далей”, бо “на палітычным полі нацыянал-патрыятычныя сілы цяпер практычна не прысутнічаюць”.
Удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах хоча яшчэ адна жанчына-палітык — актывістка кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч. Мяркуецца, што яе могуць вылучыць ад праекта “Народны рэферэндум”, у які апроч “Гавары праўду” ўваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ і рух “За Свабоду”.
Мяркуецца, што прэзідэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 15 лістапада — гэтую дату называе Цэнтрвыбаркам як найбольш верагодную.
Фота: svaboda.org