Аляксандр Лукашэнка апублікаваў сваю праграму

Аляксандр Лукашэнка апублікаваў сваю праграму

На сайце галоўнай афіцыйнай газеты "СБ — Беларусь сегодня" абнародаваная праграма Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкія выбары 2015 года.

У гэтым дакуменце кандыдат у прэзідэнты адзначае дасягненні Беларусі за час свайго кіравання: "Мы стварылі сацыяльную мадэль, якая абараняе простага грамадзяніна. Збераглі грамадства ад алігархаў і бандытаў. Наша дзяржава вельмі маладая, і наша незалежнасць не ўсім па душы. Наша зямля і наш здабытак, створаны працай усяго народа, па-ранейшаму вабяць аматараў лёгкай нажывы. Таму перш за ўсё мы павінны абараніць тое, што ўжо створана. Свабоду і незалежнасць Беларусі. Мір і парадак у краіне. Дзяржава для народа, у якім жыць нашым дзецям і ўнукам. Абапіраючыся на гэтыя дасягненні, мы можам рухацца наперад — да матэрыяльнага дастатку, дабрабыту кожнага грамадзяніна і росквіту Беларусі".

У праграме Лукашэнкі знайшла адлюстраванне і вайна ва Украіне: "Калі вайна прыйшла да нашага парога, мы ўсвядомілі — няма нічога даражэйшага за мір. Вайна забірае ўсё — спакой, шчасце і дабрабыт. Вайна забірае самае галоўнае, тое, чаму няма цаны, — чалавечае жыццё. Нам у Беларусі ўдаецца захаваць мір, мы не чуем стрэлаў і разрываў снарадаў, у нас ёсць магчымасць спакойна працаваць, гадаваць дзяцей і радавацца мірнаму жыццю. І гэта не толькі заслуга ўлады. Гэта заслуга нашага мудрага народа. Мы не дазволілі захапіць сябе радыкальнымі ідэямі, заўсёды беражліва захоўвалі мір, адзінства і згоду ў грамадстве".

Гаворачы пра эканамічную сітуацыю, Лукашэнка адзначае, што Беларусі ўдалося выстаяць нават ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу і міжнародных санкцыяў: "Не мы правакавалі сусветны эканамічны крызіс. Не мы распальвалі ваенныя канфлікты. Не мы раскручвалі спіраль узаемных санкцый. Але ўсё гэта ўдарыла па нас, ударыла балюча і нечакана. Нядобразычліўцы прадказвалі нам абвал, крах і хаос. Але мы захавалі прадпрыемствы, калектывы, працоўныя месцы. Дзейнічаюць усе сацыяльныя праграмы. Стабілізуецца валютны рынак".

Цалкам з праграмай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі можна пазнаёміцца па спасылцы.

Фота: president.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі