Аляксандр Лукашэнка ўвайшоў у новы спіс "ворагаў свабоды прэсы"

Галерэя "ворагаў свабоды прэсы" / RSF
Галерэя "ворагаў свабоды прэсы" / RSF

Аляксандр Лукашэнка трапіў у новы спіс "ворагаў свабоды прэсы", які падрыхтавала міжнародная няўрадавая арганізацыяя "Рэпарцёры без межаў" (RSF). Лукашэнка з'явіўся ў першым рэйтынгу "ворагаў свабоды прэсы" яшчэ 20 гадоў таму. Цяпер жа рэпарцёры пішуць, што яго "нядаўняя драпежная вынаходлівасць прынесла яму яшчэ большую вядомасць" як ворагу незалежных СМІ.

Кампанію Лукашэнку склалі Уладзімір Пуцін і прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Усяго ў спісе 37 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, якія найбольш жорстка ціснуць на журналістаў у сваіх краінах.

"Цяпер у галерэі "ворагаў свабоды прэсы" 37 лідараў з усяго свету, і ніхто не можа сказаць, што гэты спіс не з'яўляецца вычарпальным, — кажа генеральны сакратар RSF Крыстаф Дэлуар. — У кожнага з іх свой стыль. Некаторыя навязваюць царства тэрору, аддаючы ірацыянальныя і паранаідальныя загады. Іншыя ўжываюць старанна прадуманую стратэгію, заснаваную на драконаўскіх законах. Цяпер галоўная задача гэтых драпежнікаў — заплаціць максімальна магчымую цану за свае рэпрэсіўныя паводзіны. Мы не павінныя дазволіць іх метадам стаць новай нормай".

Сярод "ворагаў свабоды прэсы" ёсць і дзве жанчыны. Гэта Кэры Лам — кіраўніца Спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Ганконг з 2017 года. "Рэпарцёры без межаў" называюць палітыка "марыянеткай прэзідэнта Кітая Сі Цзіньпіна", якая адкрыта падтрымлівае яго драпежніцкую палітыку ў дачыненні да СМІ. Закрыццё найбуйнейшай незалежнай газеты Ганконга Apple Daily і турэмнае зняволенне яе заснавальніка Джымі Лая, лаўрэата прэміі RSF за свабоду прэсы 2020 года — справа рук Кэры Лам.

Другая жанчынца — прэм'ер-міністр Бангладэш з 2009 года і дачка героя незалежнасці краіны Шэйх Хасіна. У 2018 годзе яна прыняла закон аб лічбавай бяспецы, у выніку якога да крымінальнай адказнасці прыцягнулі больш за 70 журналістаў і блогераў.

Вядома, спіс не абышоўся без лідараў Сірыі Башара Асада і Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына, кіраўнікоў Руанды Поля Кагаме і Чачні Рамазана Кадырава, і нават прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару — яго агрэсіўная і грубая рыторыка ў дачыненні да СМІ дасягнула новых вышынь з пачатку пандэміі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі