Анлайн-навучанне праз Zoom не адпавядае законам РБ — Цэнтр абароны даных
Канферэнцыя ў Zoom, ілюстрацыйны малюнак
Выкарыстанне праграмы для відэаканферэнцый Zoom пры анлайн-навучанні не адпавядае беларускаму заканадаўству. Пра гэта заяўляе Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных.
У ведамстве адзначылі, што некаторыя арганізацыі аказваюць адукацыйныя паслугі дыстанцыйна, з выкарыстаннем платформы Zoom. Паводле беларускіх чыноўнікаў, пры гэтым адбываецца трансгранічная перадача персанальных даных, у тым ліку ў краіны, дзе няма належнага ўзроўню абароны такіх даных.
"Аказанне паслуг падобным чынам не адпавядае ўказу №60 "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт", — падкрэсліваюць у Цэнтры абароны даных.
Чыноўнікі лічаць, што для анлайн-навучання неабходна выкарыстоўваць інфармацыйныя сеткі, сістэмы і інтэрнэт-рэсурсы, "размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і зарэгістраваныя ў вызначаным парадку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.