АНТ: 29:8 на карысць паказаў пікетаў Лукашэнкі
Кадры пікетаў Лукашенкі на ТБ паказваюць у 3,5 разы болей, чым апазіцыі.
"Мы ў поўным аб’ёме забяспечым права кожнага грамадзяніна на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі па ўсіх працэсах, якія будуць праходзіць у рамках выбарчай кампаніі”, — кажа міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Па словах міністра інфармацыі, СМІ створаць роўныя ўмовы для кандыдатаў ў прэзідэнты, каб іх выбарчыя праграмы былі шырока вядомыя кожнаму жыхару краіны! І тут мяне накрыла гэтая дэмакратычная казка!
Першы дзень правядзення пікетаў па зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у прэзідэнты — 23 ліпеня. У кожнай з выніковых праграм беларускага тэлебачання — “Панарама”, “Нашыя навіны” і “24 гадзіны” — падрабязныя сюжэты пра першы дзень пікетавання.
Дык вось, АНТ у праграме “Нашыя навіны” паказала пікет за кандыдата ў кіраўнікі дзяржавы Аляксандра Лукашэнку 29 разоў. І гэта без кадраў, дзе чалавека паказваюць у розных ракурсах, але ў кадр усё роўна трапляюць пікеты за Лукашэнку. Пікет кандыдатаў Анатоля Лябедзькі і Віктара Цярэшчанкі паказалі два разы, Таццяны Караткевіч — тры разы. Мо таму, што прыгожая жанчына. Пікет Сяргея Гайдукевіча паказалі адзін раз.
У праграме “Панарама” пікет у падтрымку дзейнага прэзідэнта паказалі 19 разоў, Караткевіч і Калякін мільганулі ў кадры па адным разе, Цярэшчанка з’явіўся двойчы, а пікет Анатоля Лябедзькі паказалі тры разы.
Самым лаканічным быў сюжэт ад СТВ. У праграме “24 гадзіны” пікет Лукашэнкі паказалі ўсяго восем разоў, адзін раз у кадры з’явіўся пікет Лябедзькі.
Усяго ж пікет у падтрымку прэтэндэнта на пост кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі паказалі 56 разоў. А ўсіх астатніх агулам — толькі 16 разоў.