Антырэкорд па суіцыдах і лідарства па алкаголі — гэта дэпрэсіўная Віцебшчына

Віцебшчына – прыгожы азёрны край, але людзі не хочуць там жыць

Віцебшчына – прыгожы азёрны край, але людзі не хочуць там жыць / Еўрарадыё

Жыхары Віцебшчыны за 8 месяцаў 2024 года здзейснілі 117 суіцыдаў. Абсалютная большасць з тых, хто добраахвотна развітаўся з жыццём, — мужчыны працаздольнага ўзросту. Такіх 103 чалавекі.

Ёсць і яшчэ адна лічба. 38 чалавек, то-бок амаль траціна, скончылі жыццё самагубствам у стане алкагольнага ап’янення.

Улады старанна хаваюць статыстыку па самагубствах, але час ад часу яна прасочваецца ў публічную прастору. Звесткі па сваёй вобласці з нагоды Сусветнага дня перадухілення самагубстваў нечакана апублікаваў Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі.

Нечакана — бо аналагічныя цэнтры з іншых абласцей абмежаваліся агульнымі парадамі і кантактнымі звесткамі сваіх спецыялістаў.

А з віцебскай публікацыі мы даведаліся, што, паводле статыстыкі СААЗ, Беларусь уваходзіць у першую дзясятку краінаў па колькасці суіцыдаў. І што самагубства як прычына смерці займае чацвёртае месца — пасля сардэчна-сасудзістых захворванняў, анкалогіі і хваробаў органаў дыхання.

У профільнай дзяржаўнай установе аховы здароўя бачаць наўпростую сувязь паміж суіцыдамі і алкаголем:

“Рызыка суіцыдаў вельмі высокая ў хворых, якія ўжываюць алкаголь. Гэтае захворванне мае дачыненне да 25-30% самагубстваў; сярод маладых людзей яго ўнёсак можа быць яшчэ вышэйшым — да 50%. Працяглае злоўжыванне алкаголем спрыяе ўзмацненню дэпрэсіі, пачуцця віны і псіхічнага болю, якія, як вядома, часта папярэднічаюць суіцыду”.

Апошнія даследаванні паказваюць, што таксама на развіццё цяжкіх дэпрэсій уплываюць эканамічныя фактары: беднасць, нізкі сацыяльна-эканамічны статус і беспрацоўе. 

У лідарах па алкаголі, у антытопе па заробках

Белстат нядаўна абнавіў дадзеныя па ўжыванні алкаголю ў Беларусі. У сярэднім па краіне беларусы ў 2023 годзе выпілі 11,5 літра алкаголю на чалавека. А самымі пітушчымі рэгіёнамі сталі Магілёўшчына (12,5 літра) і Віцебшчына (12,2 літра).

Паводле віцебскіх псіхіятраў і нарколагаў, найбольш складаная і дэпрэсіўная сітуацыя склалася ў 14 раёнах Віцебскай вобласці (агулам яна падзеленая на 21 раён). Па суіцыдах у пераліку на 100 тысяч чалавек у лідарах Дубровенскі раён (56,88), далей ідуць Мёрскі (53,37), Шаркаўшчынскі (48,90), Талачынскі (47,01) і Лёзненскі (44,36). А паводле іншай статыстыкі — эканамічнай, — Шаркаўшчынскі раён рэгулярна ўваходзіць у антытоп па заробках, а часам і ўзначальвае яго. 

Так сабе з сярэднім заробкам і ва ўсёй Віцебскай вобласці. Паводле статыстыкі, яна другая з канца — менш зарабляюць толькі на Магілёўшчыне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі