АР: Хілары Клінтан забяспечыла сабе намінацыю на пасаду прэзідэнта ЗША
Паводле падлікаў агенцтва Асашыэйтэд прэс (AP), Хілары Клінтан заручылася падтрымкай дастатковай колькасці дэлегатаў, каб атрымаць намінацыю на пасаду прэзідэнта ад Дэмакратычнай партыі ЗША. У яе галасы 2383 дэлегатаў. Менавіта столькі павінен быў набраць патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, каб атрымаць намінацыю, адзначае ВВС.
Асноўнага саперніка Клінтан Берні Сандэрса падтрымліваюць толькі 1569 дэлегатаў. Такім чынам, робяць выснову ў агенцтве АР, Хілары Клінтан атрымае намінацыю ад Дэмакратычнай партыі, нават калі прайграе ва ўсіх астатніх унутрыпартыйных выбарах. 7 чэрвеня праймерыз Дэмакратычнай партыі пройдуць у шасці штатах, а яшчэ праз тыдзень — у Вашынгтоне.
Сярод рэспубліканцаў таксама вызначыўся фаварыт — мільярдэр Дональд Трамп, які праславіўся гучнымі заявамі. Паводле нядаўняга апытання грамадскай думкі тэлеканала Fox News, ён лідыруе сярод белых выбаршчыкаў з перавагай у 24 ачкі. Але перавага Хілары сярод чарнаскурых дасягае 83%, а сярод лацінаамерыканцаў — 39%.
Прэзідэнцкія выбары ў ЗША пройдуць 8 лістапада 2016 года.