Катэдж у Мінску дзяржава забрала і дала кватэру за 150 мільёнаў
Сям’я мінчан атрымала кватэру замест прыватнага дома, які павінны былі зруйнаваць. А цяпер за прыватызацыю кватэры трэба заплаціць 150 мільёнаў.
Мінчанін Віталь цяпер жыве з сям’ёй ў трохпакаёўцы ў Першамайскім раёне. Кватэра засталася ад бацькоў Віталя, якія жылі ў раёне вуліцы Бялінскага (раён Бялінскага-Валгаградскай) ў прыватным доме.
“Раён Бялінскага, дзе цяпер высотныя дамы, гаспадарчая крама. Звычайны дом, гарадскога тыпу”, - распавядае Еўрарадыё Віталь. Ажыятаж вакол прыватызацыі жылля Віталь адчуў на сабе.
У адміністрацыі Віталю за прыватызацыю кватэры налічылі каля 150 мільёнаў. Віталь свайго абурэння не хавае.
“Гэта ўсё ішло ў савецкія часы пад знос. Дом быў прыватны, зямля, дом — ўсё забралі, а замест далі “каменку”. Па тым часам, савецкім, нічога нам не даплачвалі. Крыўдна, што мелі свой дом, свой участак, а цяпер яшчэ засталіся вінныя! Зразумела, калі стаялі ў чарзе і дзяржава давала бясплатна, але ў нас была маёмасць! І сітуацыя, што палова краіны ідзе па гэтай сістэме!” — абураецца Віталь.
Зразумела, што Віталь сваю кватэру прыватызаваць будзе, бо няма іншага выйсця.
“Налічылі 150 мільёнаў, хочаце прыватызуйце, хочаце — не!”, — гэтак Віталю сказалі ў адміністрацыі.
Па законе Віталю трэба ў першы год заплаціць за жыллё 10% ад сумы ці 15 мільёнаў, а астатнюю суму выплачваць цягам 40 радоў у растэрміноўку.
У адміністрацыі Першамайскага раёна кажуць, што зямля, на якой стаяў дом Віталя яго сям’і не належала, а цяпер змяніліся законы.
“Зямля не была аб’ектам куплі-продажу. Тады не было права ўласнасці на зямлю. А цяпер …зусім іншыя законы!”, — тлумачачаць у адміністрацыі і дадаюць, што ў 70-я гады прыватных кватэр і не было. Таму давалі дзяржаўныя і перапытваюць, чаму за прыватызацыяй не звярнуліся раней.
Але Віталю на справядлівасць разлічваць няма чаго, ўсе тэрміны іскавай даўніны, як кажуць у адміністрацыі Першамайскага раёна, ўжо прайшлі.
“Вы ўвесь час жылі ў дзяржаўнай кватэры, бо мала верагодна, што ў 1974 годзе давалі прыватныя кватэры. Усе кватэры былі ў дзяржаўным фондзе. А цяпер вам трэба прыватызаваць кватэру. Дзе вы былі раней?” — пытаюцца ў Першамайскім раёне.
Дарэчы, ажыятаж з прыватызацыяй не сціхае. У сталіцы і рэгіёнах людзі ідуць натоўпам.
“Спраўляемся, мы дзяржаўныя служачыя, у нас працоўны дзень ненармаваны. Якімі сіламі мы спраўляемся, гэта ўжо наша справа”, — кажуць у Ленінскім раёне сталіцы.
У Беларусі непрыватызавана болей за 392 тысяч кватэр, ці 14% жыллёвага фонда.
У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі кажуць, што ўказ аб прыватызацыі жылля пакуль не падпісаны, але мае быць падпісаны ў бліжэйшы час.