У Брэсце чаргу ў аддзеле прыватызацыі супакойваў спецназ
Інцыдэнт адбыўся 5 чэрвеня ў гарадскім "Жыллёвым рамонтна-эксплуатацыйным упраўленні".
Як піша газета "Вечерний Брест", у міліцыю паступіла паведамленне, што ў будынку ЖРЭУ знаходзіцца натоўп знерваванага народу і абстаноўка блізкая да канфліктнай. На выклік прыбылі супрацоўнікі спецназу, якія ачысцілі памяшканне і падтрымлівалі парадак да канца працоўнага дня.
Нагадаем, што некалькі тыдняў таму ўрад вырашыў перавесці непрыватызаванае жытло ў катэгорыю арэнднага. У выніку ўжо больш за тыдзень у брэсцкім ЖРЭУ ўтвараюцца вялікія чэргі з соцень жадаючых запісацца на прыватызацыю. Людзі прыходзяць а 5-6-й гадзіне раніцы і чакаюць да гадзіны дня, калі пачынацца рэгістрацыя. Адзел прыватызацыі папросту не спраўляецца з натоўпам: хуткасць прыёму грамадзян прыкладна складае дзесяць чалавек за гадзіну.
Як тлумачаць самі работнікі аддзела прыватызацыі, пасля канфліктнай сітуацыі са спецназам ім давялося экстранна павялічыць штаты супрацоўнікаў. Новыя работнікі мусяць займацца толькі тымі, хто не паспеў да першай прыватызацыі. Дарэчы, запіс на прыватызацыю кватэр у Брэсце вядзецца ўжо на верасень.
Фота — ria.ru