Аўтара “Хронік раёна” зноў судзяць. Мірзоеву пагражае да 3 гадоў турмы

У апошнія паўгода рэжысёр з народа Руслан Мірзоеў дасягнуў такой папулярнасці, што пазайздросцяць вядучыя з тэлебачання. Яго дакументалкі “Хронікі МАЗа”, “Хронікі раёна” і “Школа выжывання” сталі хітамі ў інтэрнэце. Аднак занадта дзёрзкая падача першых фільмаў (з лаянкай і пастаноўкамі) спадабалася не кожнаму.

На мінулым тыдні Руслан Мірзоеў збіраўся паўдзельнічаць у адборы на “Еўрабачанне”. Але дакументы так і не падаў.

“Чаму?” ― нам удалося звязацца з рэжысёрам. 

Руслан Мірзоеў: “Не было сэнсу. Хутчэй за ўсё, праз некалькі дзён я буду ў турме. Увесь вольны час праводжу з сям’ёй. Сёння я з’явіўся ў міліцыю, дзе мне выдалі позву аб тым, што 10-га будзе суд”.

У канцы жніўня Руслан даў інтэрв’ю Еўрарадыё, дзе паведаміў пра ўзбуджаную ў дачыненні да яго крымінальную справу па артыкуле 415 крымінальнага кодэкса (“Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі”). Рэч у тым, што некалі Мірзоеў быў наркаспажыўцом і не раз парушаў закон. Свой апошні тэрмін ён адбываў на так званай “хатняй хіміі”. Жыццё наладжвалася, аднак пасля поспеху яго дакументалак пачаліся новыя праблемы. Напрыклад, улетку Мірзоеву далі сем сутак арышту за нецэнзурную лаянку, якая гучала ў некаторых фільмах.

Еўрарадыё:  За якія правіны вас судзяць?  

Руслан Мірзоеў: Не адмаўляю, што парушэнні былі. Своечасова не ўладкаваўся на працу (пасля скандальных дакументалак шоўмэна пазнавалі ў аддзелах кадраў і адмаўлялі ў працаўладкаванні, ― Еўрарадыё). Прыходзілі з праверкай аднойчы ― мяне не было дома. Было такое, што забыўся з’явіцца ў міліцыю адзначыцца. І вось такіх парушэнняў назбіралася пяць штук. Шкада, што маё відэа перакруцілі на палітычны ўхіл. У тых жа “Хроніках раёна” я хацеў паказаць, што ёсць негатыўны бок грамадства: наркаманы і алкаголікі, якія пакутуюць. Такі быў і я, і мне ўдалося выйсці з гэтай праблемы. У відэа “Школа выжывання” я паказаў, як вяду здаровы лад жыцця, звяртаюся да Бога. Мэта была — не пасцябацца з хворых людзей, а паказаць альтэрнатыву. Але некаторыя ўбачылі ў фільмах пагрозу сацыяльнай бяспецы”.

Артыкул 415 прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да трох гадоў. Звычайна за такое садзяць злосных парушальнікаў умоваў “хіміі”.

Фармальна Мірзоева можна пазбаўляць волі. Але ёсць і іншы бок медаля. У сваіх дакументалках ён спрычыніўся да трапнай прапаганды здаровага ладу жыцця, чым сёння актыўна займаецца міліцыя. Да таго ж, пазнейшыя фільмы Мірзоева сталі больш інтэлігентнымі. То бок высновы хлопец робіць.

Прэс-афіцэр РУУС Кастрычніцкага раёна пакуль не пракаментаваў Еўрарадыё інфармацыю пра суд над Мірзоевым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі