Аўтар хакейнага гімна: “Аўтографы ў мяне бралі, разы тры дакладна”

Неафіцыйны гімн да чэмпіянату свету па хакеі падарваў розумы грамадскасці, здавалася б, простымі словамі "ты Беларусь такая, ты Беларусь, я тобою одною горжусь” и “сколько лет у власти отец! Наш Лукашенко, наш президент”. Гэтыя радкі выйшлі з-пад пяра 21-гадовага паэта са Слуцка Дзмітрыя Рудакоўскага.


Звязваемся з аўтарам. Ён згаджаецца на інтэрв'ю. Распытваем пра гісторыю стварэння хакейнага гімна.


Дзмітрый Рудакоўскі: Ну, не ведаю, мне захацелася проста так скласці.


Еўрарадыё: То ​​бок апанавала натхненне?


Дзмітрый Рудакоўскі: Ды не, проста захацелася паспрабаваць напісаць. Ну, напісаў. З "Беларусь-1" прапанавалі ў конкурсе нейкім паўдзельнічаць, я і закінуў заяўку, усё такое. Ну, прапанавалі ў Слуцк прыехаць і гэты кліп зняць кароткаметражны.

Еўрарадыё: І доўга здымалі?


Дзмітрый Рудакоўскі: Хвіліны тры.


Еўрарадыё: А вы кліп глядзелі? Як ён вам?


Дзмітрый Рудакоўскі: А што, ён ужо апублікаваны? Я сам толькі раніцай пра гэта даведаўся. Ішоў па горадзе, і мне сказалі. 

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да песні? Як да сур'ёзнага паэтычнага твору, ці вы жартавалі?


Дзмітрый Рудакоўскі: Ды не, чаму, я асэнсавана напісаў. І пра прэзідэнта. Я ж не буду на кагосьці дрэнна пісаць.


Еўрарадыё: Ці лічыце вы сябе геніем?


Дзмітрый Рудакоўскі: Цяпер не ведаю. Я сябе простым чалавекам лічу. Раней, можа, і думаў: можа, мне Богам нешта дадзена. Але сёння я прысвячаю сябе сваёй працы, у асноўным. Але паралельна займаюся і гэтай творчасцю. Калі ў мяне атрымліваецца, то чаму яго закопваць?


Еўрарадыё: Вы кажаце пра "сваю працу". Кім і дзе?


Дзмітрый Рудакоўскі: Я то электрыкам працую на кансервавым (прадпрыемства выпускае сокі, закансерваваную гародніну, пладова-ягадныя віны. Зарплата электрыка каля 3 мільёнаў рублёў. ― заўв. Еўрарадыё). Гэтая праца больш падабаецца, яна больш прэстыжная. Добрае прадпрыемства, дружны калектыў. А вось гэтай творчасцю я нібы для сябе займаюся, гэта як бы хобі.

“Я ў каледжы пакуль толькі выступаў. Я і насценгазеты там рабіў”

Еўрарадыё: Якія з вашых вершаў лічыце самымі паспяховымі?
 
Дзмітрый Рудакоўскі: Я думаю, патрыятычныя. Мы ж лічымся патрыётамі. Ну, "Рэспубліка Беларусь", "Сінявокая зямля".
 
Еўрарадыё: Гэты год абвешчаны Годам гасціннасці. Ці будзеце вы нешта пісаць на гэтую тэму?
 
Дзмітрый Рудакоўскі: Не ведаю. Можна паспрабаваць, можа, і напішу, калі будзе час.
 
Еўрарадыё: Ці выступаеце са сваімі вершамі і песнямі ў Слуцку або ў іншых гарадах? На карпаратывах, канцэртах?
 
Дзмітрый Рудакоўскі: Я ў Мар'інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы пакуль толькі выступаў. Я і насценгазеты там рабіў.
 
Еўрарадыё: Вершы чыталі падчас канцэртаў?
 
Дзмітрый Рудакоўскі: І вершы, і спяваў, і насценгазеты прысвячаў розным святам.
 
Еўрарадыё: Раней паэт мог сабраць стадыён. А сёння ваш брат не так папулярны. Як лічыце, у Слуцку ці варта нешта мяняць у плане аздараўлення творчай атмасферы?
 
Дзмітрый Рудакоўскі: Я не магу адказаць на гэтае пытанне. Не магу падабраць словы.
 
Еўрарадыё: Ці збіраецеся заваёўваць сталіцу?
 
Дзмітрый Рудакоўскі: Напэўна, не. Для гэтага сродкі патрэбныя.

“Маёй згоды на ўдзел у “Еўрабачанні” не было”

Еўрарадыё: Вы сачылі за фіналам адбору на “Еўрабачанне”?

Дзмітрый Рудакоўскі: Не. Але адзін гурт напісаў песню на мае вершы. Думалі адпраўляць на “Еўрабачанне” песню “Я из города”. “Строго Бобруйск” ― там такі гурт ёсць. Але маёй згоды на ўдзел не было.

Еўрабачанне: Вы б даверыліся рашэнню журы ― Ціхановіча, Ланской, Раінчыка, чыноўнікаў розных?


Дзмітрый Рудакоўскі: Нічога не магу сказаць. Калі іх паставілі ― значыць, так трэба.


Еўрарадыё: Ці пішаце вы на беларускай мове?


Дзмітрый Рудакоўскі: Не, у мяне ўсё ў рускім фармаце. Я беларус, але руская мова мне радней.


Еўрарадыё: А якія вашыя любімыя паэты?


Дзмітрый Рудакоўскі: Янка Купала, Максім Багдановіч і Якуб Колас.

Еўрарадыё: А якія вершы на вас больш за ўсё паўплывалі?


Дзмітрый Рудакоўскі: "Новая зямля" (культавая ліраэпічная паэма Якуба Коласа. ― заўв. Еўрарадыё).


Еўрарадыё: А можаце на памяць зачытаць які-небудзь урывак?


Дзмітрый Рудакоўскі: Ды я не памятаю, даўно я вучыў гэтыя вершы.


Еўрарадыё: У вас у Слуцку шмат фанатаў, прыхільнікаў творчасці?


Дзмітрый Рудакоўскі: Ну, я вам не скажу дакладна.


Еўрарадыё: Аўтографы бяруць? Я б у вас сапраўды ўзяў аўтограф.


Дзмітрый Рудакоўскі: Ну так. Разы тры так сапраўды было. Год таму, на вуліцы мінакі.


Еўрарадыё: Дзяўчаты або хлопцы?


Дзмітрый Рудакоўскі: Дзяўчаты, у асноўным.


Еўрарадыё: А ў вас ёсць жонка?


Дзмітрый Рудакоўскі: Не. Проста яшчэ час не прыйшоў. Я хачу наогул да 30 гадоў ажаніцца.


Еўрарадыё: А дзяўчына? Бо ў вас шмат інтымнай лірыкі. Да прыкладу, верш са словамі "Ты прынцэса, а я твой прынц".


Дзмітрый Рудакоўскі: Гэта я адной дзяўчыне ў каледжы прысвячаў .


Еўрарадыё: І як яна адрэагавала?


Дзмітрый Рудакоўскі: На той момант яна ўжо не вучылася.

Фота з архіву Дзмітрыя Рудакоўскага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі