Барэль: праца над трэцім "беларускім" пакетам санкцый заканчваецца

Барэль: праца над трэцім "беларускім" пакетам санкцый заканчваецца

ЕС завяршае працу над трэцім пакетам санкцый супраць афіцыйнага Мінску. Пра гэта 7 снежня ў Бруселі заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль.  

"Мы цяпер заканчваем працу над трэцім пакетам санкцый, цытуе словы Барэля ТАСС. — Спадзяюся, нічога не перашкодзіць хуткаму завяршэнню працэсу і іх ўвядзенню ў хуткім часе".

Прэс-канферэнцыя Жазэпа Барэля адбылася пасля пасяджэння Савета ЕС. На ім згадвалася беларускае пытанне, але рашэнне не прымалася. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яго прыняццё адклалі да наступнага тыдня. Трэці пакет санкцый яшчэ ўзгадняецца. У ім нібыта ёсць 32 фізічныя асобы і 9 асобаў юрыдычных.

Еўрасаюз уводзіць санкцыі супраць уладаў Беларусі за фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і за гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў. У кастрычніку ў "чорны спіс" трапілі 40 чыноўнікаў і сілавікоў. У лістападзе да іх дадалі яшчэ 15 чалавек, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Тады ж Жазэп Барэль зрабіў сваю гучную заяву: ніводнага еўра ўраду Лукашэнкі!

Афіцыйны Мінск у адказ на пагрозу эканамічных санкцый папярэджвае, што прыме пэўныя меры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі