Байдэн аб'явіў пра ўвядзенне санкцый супраць Расіі і згадаў Беларусь
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн аб'явіў пра ўвядзенне 22-23 лютага санкцый супраць Расіі. Яны закрануць суверэнны доўг РФ, яе фінансавую сістэму (у "чорны спіс" трапілі два банкі), эліты (уключна з членамі сем'яў). "Мы адразаем расійскі ўрад ад заходняга фінансавання", — заявіў амерыканскі прэзідэнт. Вашынгтон працуе з Берлінам, каб "Паўночны паток — 2" так і не быў запушчаны.
Санкцыі будуць станавіцца больш жорсткімі, у залежнасці ад дзеянняў Расіі ў дачыненні Украіны, падкрэсліў Байдэн. Паводле яго слоў, апошнія рашэнні Масквы аб прызнанні самаабвешчаных "Л/ДНР" і перадыслакацыі на іх тэрыторыю войскаў, азначаюць "уварванне на тэрыторыю Украіны". Кіеў можа спадзявацца на далейшую амерыканскую дапамогу ў сферы абароны.
"Калі Расія не вывядзе войскі з Беларусі, адбудзецца і перамяшчэнне амерыканскіх войскаў", — сказаў прэзідэнт ЗША. Гаворка ідзе пра краіны Балтыі, куды могуць перакінуць з Заходняй Еўропы вайскоўцаў і тэхніку. Па словах Джо Байдэна, расійскія войскі ў Беларусі гатовыя атакаваць Украіну з поўначы. Ён адзначыў, што ў Злучаных Штатаў няма жадання змагацца з Расіяй, але яны будуць абараняць тэрыторыю краін NATO.
Пад амерыканскія санкцыі трапіў беларускі банк.
Раней пра санкцыі супраць Расіі аб'явілі Вялікабрытанія і Еўрасаюз.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.