Беларус Максім Вайткявічус атрымаў палітычны прытулак у Арменіі

Максім Вайткявічус

Максім Вайткявічус / factor.am

Беларус Максім Вайткявічус атрымаў палітычны прытулак у Арменіі, паведамляе factor.am. Раней ён быў затрыманы на запыт уладаў РБ. Цяпер пасля чатырох месяцаў за кратамі малады чалавек вызвалены.

У Беларусі 24-гадовы Вайткявічус абвешчаны ў вышук. Яго абвінавачваюць ва ўхіленні ад службы ў войску. На пачатку лютага 2024-га хлопца затрымалі на армянскай мяжы (ён прыехаў з Грузіі), а пасля змясцілі пад варту з перспектывай экстрадыцыі ў Беларусь. У сакавіку ён папрасіў даць яму палітычны прытулак. Нядаўна Арменія прызнала беларуса ўцекачом і дала прытулак. 19 чэрвеня Максім Вайткявічус выйшаў на волю.

Вядома, што Вайткявічус зазнаў пераслед і катаванні за палітычныя погляды ў Беларусі ў 2020-м, правёў за кратамі 15 сутак.

Апошнім часам дачыненні Арменіі і Беларусі напружаныя: адкліканыя паслы, адбыўся абмен нотамі. Магчыма, гэта і паўплывала на рашэнне ў справе беларускага ўцекача. Але яшчэ ў траўні статус уцекача ў Арменіі атрымаў 24-гадовы беларус Яраслаў Новікаў. На радзіме супраць яго была распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад службы ў войску. 

Падчас нядаўняй сустрэчы з міністрам замежных спраў Арменіі Святлана Ціханоўская якраз гаварыла пра нявыдачу беларускіх грамадзянаў на запыт рэжыму Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі