Беларусь некалькі гадоў пастаўляла сучасную зброю Азербайджану — Politico

Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў у Нагорным Карабаху, травень 2024-га

Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў у Нагорным Карабаху, травень 2024-га / president.gov.by

Беларусь у 2018-2022 гадах актыўна пастаўляла сучасную зброю Азербайджану, што давала яму перавагу ў канфлікце з Арменіяй (саюзнікам РБ па АДКБ), піша Politico. Брусельскае выданне спасылаецца на атрыманыя сакрэтныя дакументы. Эксперты мяркуюць, што без згоды Расіі гэтая аперацыя наўрад ці была б магчымая. Відаць, асноўная прычына рэзкай заявы прэм'ер-міністра Арменіі крыецца ў згаданых беларускіх пастаўках, якія лічацца "горкай здрадай".

Згаданыя дакументы — гэта і дыпламатычная перапіска, і матэрыялы, якія датычаць непасрэдна продажу зброі. Адзначаецца, што "прапанаваныя паслугі ўключалі мадэрнізацыю састарэлага артылерыйскага абсталявання і пастаўку новага абсталявання, якое выкарыстоўваецца для радыёэлектроннай барацьбы і сістэм беспілотных лятальных апаратаў". У рукі журналістаў трапілі лісты "беларускага дзяржаўнага агенцтва па экспарце ўзбраенняў сваім ваенна-прамысловым фірмам, якія тычацца заказаў найноўшага артылерыйскага прыцэльнага абсталявання для Азербайджана, а таксама перапіску паміж дзвюма дзяржавамі, у якой бакі дамаўляюцца аб закупцы мабільных баявых станцый для барацьбы з беспілотнікамі Groza-S для Узброеных сіл Азербайджана". Эксперты кажуць, што ўцечка дакументаў тычылася тэхнікі, якая выкарыстоўвалася Азербайджанам у нядаўніх войнах, як у Нагорным Карабаху, так і супраць самой Рэспублікі Арменія.

Адно з дыпламатычных паведамленняў сведчыць, што беларускія прадпрыемствы адыгрываюць актыўную ролю "ў аднаўленні дэакупаваных тэрыторый Азербайджана, а таксама ў экспарце беларускіх тавараў і паслуг" у гэтую краіну.

Выданне адзначае, што Арменія цяпер знаходзіцца на мяжы гістарычнага павароту ў бок Захаду, і ўсё больш спадзяецца на яго абарону.

Напярэдадні стала вядома, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі адклікаў свайго пасла з Арменіі для кансультацый. Зроблена гэта ў адказ на адкліканне Ерэванам з Беларусі армянскага пасла. Перад гэтым прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні іншы армянскі чыноўнік не наведае РБ, пакуль ва ўладзе ў краіне застаецца Лукашэнка. Ён таксама лічыць, што Аляксандр Лукашэнка, як "адзін з кіраўнікоў АДКБ", павінен папрасіць прабачэння за тое, што "жадаў перамогі Азербайджана" ў канфлікце ў Нагорным Карабаху

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі