Беларусь выйшла з шэрагу пагадненняў аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання
Для некаторых замежных кампаній з "недружалюбных" краін павялічваецца падатак на дывідэнды
Беларусь часткова прыпыніла дзеянне пагадненняў аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання з "недружалюбнымі" краінамі. У прыватнасці, замарожаныя аказаліся пункты, якія датычацца выплаты падаткаў на атрыманыя дывідэнды, даходы ад даўгавых патрабаванняў і даходы ад адчужэння маёмасці.
Дзеянне гэтых палажэнняў прыпынена да 31 снежня 2026 года ў падатковых пагадненнях Беларусі з ЗША, Францыяй, Даніяй, Польшчай, Швецыяй, Бельгіяй, Літвой, Латвіяй, Нідэрландамі, Чэхіяй, Балгарыяй, Эстоніяй, Румыніяй, Кіпрам, Швейцарыяй, Славакіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй, Харватыяй, Паўночнай Македоніяй, Італіяй, Германіяй, Фінляндыяй, Ірландыяй, Славеніяй, Іспаніяй і Вялікабрытаніяй. Тэкст пастановы ўрада апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Гэтай жа пастановай Савет міністраў Беларусі павялічвае да 25% стаўку падатку на даходы замежных арганізацый, якія працуюць у Беларусі без пастаяннага прадстаўніцтва. Гэта датычыцца падатку на дывідэнды, якія атрымлівае ў Беларусі замежная арганізацыя з "недружалюбнай" дзяржавы. Новая стаўка падатку, згодна з пастановай урада, будзе дзейнічаць з 1 красавіка 2024 года да 31 снежня 2026 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.