Беларус з Гарварда знайшоў “дзірку” ў сістэме інтэрнэт-галасавання ў Масгардуме
Выбары ў Маскоўскую гарадскую думу запомняцца не толькі нядопускам незалежных кандыдатаў і жорсткімі разгонамі пратэстоўцаў, але і эксперыментам з лічбавым галасаваннем. Сістэму інтэрнэт-галасавання ўпершыню выпрабуюць у Расіі 8 верасня. Але на тэставых запусках выявіліся памылкі. Адну з іх заўважыў французскі крыптолаг П’ерык Гадры — у мэрыі Масквы яе выправілі. Па слядах француза наступную памылку выявіў наш суайчыннік — матэматык з Гарварда Аляксандр Галаўнёў.
“Я проста чытаў навіны і ўбачыў апісанне папярэдняй атакі ад французскага эксперта П’ерыка Гадры. Зацікавіўся, як вырашылі тую праблему. Пабачыў, што падчас яе вырашэння яны дапусцілі сур’ёзную памылку”, — распавядае Еўрарадыё Аляксандр Галаўнёў.
Матэматык растлумачыў нам, у чым заключалася праблема.
“Там рэалізавана крыптаграфічная сістэма. Гэта сістэма, якая кадзіруе паведамленні. Напрыклад, калі вы галасуеце за аднаго з кандыдатаў, нумар гэтага кандыдата, вядома, кадзіруецца, каб выпадковыя людзі не маглі даведацца, за каго вы прагаласавалі, што прадугледжвае таемнае галасаванне. Але гэтая сістэма была рэалізаваная неправільна, таму з вялікай імавернасцю выпадковы чалавек мог прачытаць кадзіраванае паведамленне і даведацца, за каго вы прагаласавалі”.
23 жніўня добрасумленны беларус адправіў лісты і на адрас службы падтрымкі інтэрнэт-галасавання, дзе звярнуў увагу на недахоп сістэмы.
“Так прынята, што ты звязваешся з распрацоўшчыкамі, паведамляеш ім, каб яны паспелі гэта выправіць. Я так і зрабіў. Аднак яшчэ прынята на гэта адказваць: “Добра, мы зараз усё выправім”. Але адказу не было”, — кажа матэматык.
Аляксандр Галаўнёў упэўнены, што яго ліст дайшоў да атрымальніка. 28 жніўня падчас чарговага тэставання стала зраумела, што памылку выправілі. Аднак пазней у размове са СМІ ў мэрыі гэтага не прызналі.
“Яны сказалі, што гэта не памылка. Але ў той жа час усё выправілі яе і схавалі гэта”.
Ці не крыўдна Аляксандру за гэта?
“Ды не, не крыўдна. Нічога страшнага”, — смяецца беларус.