Беларуска-расійскія эканамічныя войны XXI стагоддзя. Лік 4:2 на карысць Расіі

Беларуска-расійскія эканамічныя войны XXI стагоддзя. Лік 4:2 на карысць Расіі

Еўрарадыё сабрала самыя вострыя гісторыі і склала агульны лік перамог і параз.

 

Люты 2002 года — Беларусь 0:1 Расія

"Хоча Пуцін, каб мы плацілі гэтыя грошы, дык давайце іх збяром, ад лекаў чарнобыльцаў, ад тых, хто гніў у акопах", — такой была рэакцыя Лукашэнкі на поўнае спыненне паставак газу ў Беларусь і праз Беларусь у Еўропу 18 лютага 2002 года.

Чым усё скончылася

Раніцай таго ж дня пасол Беларусі ў Расіі быў адкліканы дадому, а вечарам Беларусь пагадзілася на расійскую цану ў 46 долараў (Беларусь настойвала на захаванні кошту ў 30 долараў). Адносіны Масквы і Мінска, паводле слоў Лукашэнкі, цяпер "назаўсёды атручаныя газам"

 

Снежань 2006 года ― Беларусь 0:2 Расія

У снежні "Газпрам" аб'яўляе, што са студзеня расійскі газ для Беларусі будзе каштаваць 105 долараў за тысячу кубаметраў. Пры гэтым 75 долараў з іх Мінск павінен плаціць грашыма, а рэшту ― акцыямі "Белтрансгаза", які на той момант каштаваў пяць мільярдаў долараў. Старшыня савета дырэктараў "Газпрама" Аляксей Мілер паведаміў, што калі Беларусь не падпіша кантракт, то 1 студзеня 2007 года ў 10.00 газ нам адключаць.

Беларусь у адказ заявіла, што разглядае магчымасць перакрыць экспарт расійскага газа ў Заходнюю Еўропу.

Чым усё скончылася

Падпісаннем кантракта за дзве хвіліны да наступлення новага, 2007 года Беларусь пагадзілася на расійскія ўмовы, "Белтрансгаз" паступова перайшоў у рукі Расіі

 

Студзень 2007 ― Беларусь 0:3 Расія

Нафтавы канфлікт наўпрост выцякае з папярэдняга газавага. На самым пачатку 2007 года расійскі урад уводзіць экспартныя пошліны на нафту, якую прадае Беларусі. Прычынай называлі тое, што Беларусь дзевяць гадоў не аддавала Расіі частку прыбытку ад перапродажу нафты. Праз дзень Мінск уводзіць ўласную пошліну памерам 45 долараў на транзіт расійскай нафты па сваёй тэрыторыі. Праз тыдзень генеральны дырэктар расійскай "Транснафты" заявіў, што Беларусь незаконна забірае сабе частку расійскай нафты з нафтаправода "Дружба". Нават прагучала канкрэтная лічба ― 79 тысяч тон. 8 студзеня ціск у нафтапровадзе знік, нафта перастала паступаць у Польшчу зусім.

Чым усё скончылася

10 студзеня Лукашэнка і Пуцін паразмаўлялі па тэлефоне. Праз некалькі гадзін пасля размовы Беларусь адмовілася ад экспартных пошлін, транзіт расійскай нафту ў Еўропу быў адноўлены, а раніцай прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі паехаў у Маскву на перамовы.

 

Чэрвень 2009 ― Беларусь 1:3 Расія

6 чэрвеня 2009 года галоўны санітарны урач Расіі Генадзь Анішчанка забараніў імпарт беларускага малака, яно было прызнанае няякасным. Праз шэсць дзён кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучвае пагрозу вярнуць на беларуска-расійскую мяжу мытню. Яшчэ праз дзень беларуская дэлегацыя не едзе на паседжанне АДКБ. Сапраўдныя прычыны гісторыі не да канца зразумелыя дагэтуль. Лукашэнка заяўляў, што такім чынам расійскія кампаніі хацелі выкупіць беларускія прадпрыемствы і захапіць галіну. У расійскіх СМІ папулярнай стала версія аб тым, што кіраўніцтва Беларусі само прапанавала прадаць прадпрыемствы Расіі ўзамен за крэдыт памерам у два мільярды долараў.

Чым скончылася

17 чэрвеня, праз дзесяць дзён пасля забароны Анішчанкі, пастаўкі беларускага малака ў Расію аднавіліся.

 

Лета 2010 ― Беларусь 2:4 Расія

Летам 2010 года ў Расіі ўтварылася запазычанасць за транзіт газу праз Беларусь памерам больш за 220 мільёнаў долараў. У той жа час Беларусь працягвала плаціць за расійскі газ па старых коштах (150 долараў за тысячу кубаметраў замест 169 долараў). "Газпрам" настойваў на вяртанні розніцы ― запазычанасць складала каля 200 мільёнаў. Мінск адмаўляўся прызнаваць гэта, у выніку "Газпрам" скараціў пастаўкі газу ў нашу краіну.

Чым скончылася

Беларусь выплаціла Расіі запазычанасць. Грошы, па словах Аляксандра Лукашэнкі, нам далі "сябры" (кіраўнік Азербайджана Ільхам Аліеў ― 187 мільёнаў долараў). Пасля гэтага Расія выплаціла нам 220 мільёнаў долараў, якія была вінная за транзіт свайго газу па нашай тэрыторыі.

 

Вясна―лета 2016 ― лік пакуль не вядомы

Пра гэты канфлікт падрабязна можна пачытаць вось тут. Відаць, гэта самы працяглы канфлікт за апошнія дзесяць гадоў. Пакуль дайшло толькі да эмацыйных выказванняў на самым высокім узроўні і прыпынення будаўніцтва новага будынка для беларускага прадстаўніцтва "Газпрама". Але хто ведае, што там будзе далей.

Вынікі войнаў

Агульны лік па апісаных гісторыях ― Беларусь 2:4 Расія. Калі казаць пра эканамічныя паказчыкі, то, нягледзячы на ўсе "газавыя канфлікты", роля Беларусі як краіны-транзіцёра для Расіі ўзрасла. Аб'ём расійскага газу, які праходзіць транзітам праз нашу краіну ў ЕС павялічыўся з 24,6 мільярда кубаметраў у 2001 годзе да 48,8 мільярда ў 2013.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі