Беларускія грузавыя авіякампаніі смуткуюць: "Нішу хутка зойме нехта іншы"

Грузавымі перавозкамі авіятранспартам у Беларусі займаецца пяць кампаній / pixabay
Грузавымі перавозкамі авіятранспартам у Беларусі займаецца пяць кампаній / pixabay

Еўропа закрылася не толькі ад пасажыраў "Белавія". І наогул не толькі ад пасажыраў. Неба закрытае і для беларускіх кампаній, якія займаюцца грузаперавозкамі.

Грузы, якія хутка псуюцца, запчасткі, кветкі, гуманітарка, нават кураняты — усё гэта перавозілі беларускія самалёты. Мы пацікавіліся ў беларускіх грузавых авіякампаній, ці ёсць у іх план Б. Калі перадаць іх адказ адной фразай: яны не ўяўляюць, як працаваць далей.
 

"Мы зараблялі валюту, прывозілі яе ў краіну"

Раніцай 28 траўня кіраўніцтва кампаніі RubyStar Airways са СМІ даведалася, што апоўначы Украіна закрые для іх сваю паветраную прастору. Кампанія займаецца чартарнымі грузаперавозкамі.

— Учора і сёння праз Украіну мы лёталі, а заўтра ўжо не зможам. Некалькі вылетаў нам ужо давялося адмяніць. Пакуль гэта сітуацыя на нашу кампанію не паўплывала. Але калі так пойдзе далей, аб'ём грузаперавозак упадзе, — лічаць у RubyStar.

Белорусские грузовые авиакомпании в печали: “Нишу быстро займёт кто-то другой”
"Калі так пойдзе далей, аб'ём перавозак упадзе" / bcavia.com

Адкрытым застаецца паветраны калідор Расіі. Калі ляцець трэба, напрыклад, у Турцыю, то закрытае еўрапейскае неба азначае дадатковую гадзіну палёту. А значыць, грузаперавозкі падаражэюць.

— Як рэагуюць кліенты? Яны самі пакуль яшчэ толькі аналізуюць сітуацыю. Але на рынку шмат іншых перавозчыкаў, акрамя беларускіх. І гэту нішу хуценька зойме нехта іншы, — канстатуюць у кампаніі.

У парку кампаніі чатыры самалёты Ан-12, два — Іл-76, і адзін Boeing 747-400. Мы просім кіраўніцтва кампаніі абазначыць парадак страт, але там адказваюць проста: "Вялікія страты".

Калі мінулай вясной пасажырскія перавозкі крытычна ўпалі праз COVID-19, грузавыя чартары не пацярпелі. Нават трохі выраслі — за кошт перавозак ахоўных масак і іншых медыцынскіх грузаў. Але што рабіць цяпер, у кампаніі пакуль не ўяўляюць.

— Магчыма, будзем падпісваць якія-небудзь пагадненні з Расіяй. Але для Расіі мы чужаземцы, нас туды пакуль ніхто не запрашае. Які новы рынак нам знайсці? Усё цяпер запоўнена, мы сваіх кліентаў напрацоўвалі гадамі. Нас у свеце ведаюць як надзейнага перавозчыка. Працавалі, нарошчвалі парк, напэўна, мы патрэбныя былі на гэтым рынку.

Белорусские грузовые авиакомпании в печали: “Нишу быстро займёт кто-то другой”
У пандэмію грузавыя авіяперавозкі не спыняліся / freepik.com

У такіх кампаніях, як RubyStar, працуюць людзі са спецыяльнай адукацыяй. Сфера спецыфічная, знайсці іншую працу па спецыяльнасці, калі санкцыі працягнуцца доўга, у Беларусі практычна немагчыма.

— Толькі авіяцыя. Нічога іншага мы не ўмеем.

 

Ад грузаў для Чырвонага Крыжа да куранят

— Усе палёты абрынуліся ў адзін дзень. Хоць афіцыйных дакументаў ні ад Украіны, ні ад еўрапейскіх краін у нас няма. Акрамя Англіі, ніхто афіцыйна нас не апавясціў, — расказваюць Еўрарадыё ў іншай авіякампаніі. Там папрасілі не называць яе.

Сярод яе кліентаў — і дзяржаўныя структуры, і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа.

— У нас сарвалася паштовая праграма, — дадаюць там. — Быў падпісаны кантракт на выкананне рэгулярнага рэйса DHL. З 31 траўня мы павінны былі на рэгулярнай аснове выконваць рэйс "Бухарэст — Кішэнеў". Цяпер нам адмовілі ў сувязі з пастановай Еўрапарламента.

Белорусские грузовые авиакомпании в печали: “Нишу быстро займёт кто-то другой”
Расійскі Ту-204С кампаніі DHL / Сяргей Кустаў

Самі адпраўнікі грузаў знаходзяцца ў не менш цяжкай сітуацыі. Ім цяпер трэба памяняць лагістыку, знайсці перавозчыка, узгадніць іншыя цэны. Мы па адной цане лётаем, заходні самалёт, напэўна, будзе па іншай цане лётаць. Дэфіцыт правазных ёмістасцяў заўсёды выклікае павышэнне цаны. Напрыклад, цяпер не хапае кантэйнераў, і цана на іх вырасла ў тры разы, — кажуць у кампаніі.

І прагназуюць, што выбыванне "з гульні" беларускіх грузаперавозчыкаў справакуе рост цэн на гэтым рынку. Бо ва ўмовах дэфіцыту цэны растуць заўсёды.

Акрамя "Белавія", у Беларусі ёсць чатыры авіякампаніі, якія займаюцца перавозкай грузаў. Выручка ад грузаперавозак паветраным транспартам у 2019 годзе склала 918,2 млн рублёў, а выдаткі — 767,2 млн рублёў. Калі еўрапейскія санкцыі будуць ужытыя і да транспартных авіякампаній, то Беларусь страціць частку гэтых грошай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі