Беларускую сістэму Kipod ужывалі ў Маскве для пераследу пратэстоўцаў — Reuters
Апазіцыянераў у Расіі ловяць з выкарыстаннем беларускай праграмы распазнавання твараў / pixabay.com
Для выяўлення апазіцыянераў, арыштаў і ціску на іх улады Расіі выкарыстоўваюць сістэмы відэаманіторынгу і распазнання твараў. Асабліва шырока гэта практыкуецца ў Маскве. Як адзначае агенцтва Reuters у сваім расследаванні, расійскія ўлады выкарыстоўваюць у тым ліку беларускую сістэму Kipod ад кампаніі Synesis.
Журналісты Reuters прааналізавалі больш за 2000 судовых спраў. Яны прыйшлі да высновы, што вулічныя відэакамеры адыгралі важную ролю ў арыштах соцень праціўнікаў улады. Большасць пратэстоўцаў былі затрыманыя ў 2021 годзе пасля антыўрадавых выступаў.
А з пачаткам вайны расійскі ўлады сталі значна выкарыстоўваць сістэмы распазнавання твараў для прэвентыўнага затрымання "нядобранадзейных" грамадзян. Расійская праваабарончая група "ОВД-Інфо" мае звесткі пра затрыманне ў 2022 годзе як мінімум 141 чалавека дзякуючы сістэме распазнання твараў.
Паводле Reuters, сістэма распазнання твараў у Маскве працуе на аснове праграмнага забеспячэння трох расійскіх і адной беларускай кампаніі. Расійскія — гэта NtechLab, VisionLabs (належыць МТС і мае штаб-кватэру ў Нідэрландах) і Tevian.
А таксама — праграмнае забеспячэнне для распазнання твараў Kipod, распрацаванае беларускай кампаніяй Synesis. Гэтая кампанія трапіла пад санкцыі ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі за тое, што сістэма Kipod выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для рэпрэсій і задушэння пратэстаў. Каментаваць прымяненне распрацовак у Маскве прадстаўнікі кампаніі Synesis адмовіліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.