Беларусы лечацца ад комплексаў… фаршам!

У дзень трох дзясятак, 10.10.2010, у Гомелі адбыўся чарговы фарш-моб, трэшавы варыянт традыцыйнага флэш-моба. Хтосьці не бачыць у раптоўных абсурдных дзеяннях групы маладзёнаў ніякага сэнсу, а хтосьці наадварот бачыць глыбокую філасофію і кажа, што так зараджаецца грамадская актыўнасць, у флэш- , фарш- ды іншых “мобах” нараджаецца калектыўнае “я” і вырастаюць нефармальныя лідары.



















Дзеянне адбывалася ў цэнтра горада, на адным з самых ажыўленых транспартных прыпынкаў.

“Стаяла дзяўчына ў процівагазе і ў сукенцы і скакала праз скакалку, прыйшоў хлапчына з вядром і стаў мыць прыпынак, яшчэ адзін прыйшоў у медыцынскім халаце і са стэтаскопам – ён “слухаў” сметніцы, слупы… Яшчэ адна дзяўчынка хадзіла па прыпынку і мазалася крэмам ад загару, але насамрэч гэта быў кетчуп, які яна яшчэ і ела”, - распавёў адзін з удзельнікаў гомельскага фаршынга Сяржук па мянушцы Мінога.

Па яго словах, фарш-моб – цалкам антысацыяльнае і апалітычнае дзеянне. Звычайна фарш-мобы тэматычныя: апошні называўся “Рабі што хочаш!”. Цікава, што ніякіх канкрэтных мэт удзельнікі не маюць:

Мінога: “Вельмі прыемна бачыць на тварах людзей усмешкі!”

Бясспрэчны лідар гомельскіх мобераў Наташа Трукутулая адзначае, што ў фаршынга больш глыбінны сэнс, чым у звычайнага флэш-моба, а менавіта – тэрапія ад чалавечых комплексаў!

Трукутулая:
“Калі я поўная, у мяне комплекс наконт маёй фігуры, але я апранаю сэксапільны купальнік і іду скакаць перад людзьмі на скакалцы. Людзі глядзяць – а мне ўсё адно! Наступны раз я пайду на пляж і не буду думаць пра тое, як на мяне глядзяць людзі, бо я перажыла гэта раней ў фаршы ў мегаабсурдным дзеянні”.

Фаршынгі ў Гомелі падстройваюцца пад удзельнікаў: людзі вырашаюць самі, з якім комплексам яны будуць змагацца, што будуць рабіць на чарговай акцыі, і арганізатарам часта вядомая толькі дата. Потым яны сустракаюцца і разам “рвуць мозг” мінакам.

Праблем з міліцыяй кампанія пакуль не адчула. Праўда, аднойчы была гісторыя, калі яны праводзілі фаршынг “Не такі як усе” і пераапрануліся бамжамі. Міліцыя спыніла іх і папрасіла не хадзіць па цэнтральнай вуліцы горада, а інакш “забярэм ва ўчастак мыць падлогу”.

Адзначым, што бясплатныя спектаклі абсурду для гараджан ладзяцца амаль кожныя выхадныя, і колькасць жадаючых пастаянна расце. Кантактуюць удзельнікі ў асноўным праз групу “В Контакте” , дзе цяпер налічваецца каля сотні ўдзельнікаў.

Фота: Мінога

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі