Беларусы меней паміраюць ад раку, але болей — ад псіхічных хваробаў

"Паўсюль у свеце гэта аднолькава. На першым месцы хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, другое — анкалогія, трэцяе ў нашай краіне — гэта траўмы", — кажа Аляксей Астроўскі, загадчык аддзялення кардыяхірургіі 9-й мінскай гарадской бальніцы.

Ад хваробаў сэрца на вёсцы паміраюць нашмат часцей. На сто тысяч насельніцтва ў 2012 годзе па прычыне хваробаў сэрца сканала 599,9 чалавек у горадзе, на вёсцы 1158,1.

Аляксей Астроўскі: "У горадзе больш дыягнастычных магчымасцяў. У горадзе людзі паміраюць ад іншых прычын, ужо здыягнасцыраваных. У сельскай мясцовасці менш магчымасцяў для дыягностыкі, таму і прычына смерці звычайна ўказваецца "ішэмічная хвароба сэрца".

Адпаведна, прычыны смерці ў горадзе ўказваюцца больш дакладна. Але можа быць і іншая прычына.

Ад раку людзі часцей паміраюць у… Віцебскай вобласці, а не ў Гомельскай. На першы погляд, гэта падаецца дзіўным: Віцебшчына — адзін з самых чыстых ад радыяцыі рэгіёнаў, Гомельшчына — наадварот.

"Ад радыяцыі гэта не залежыць, а залежыць ад узросту насельніцтва. У нас самая старая Віцебская вобласць, таму там смяротнасць больш, і так было апошнія 40 гадоў і нічога не змянілася. Моладзі меней у Віцебскай вобласці", — тлумачыць Сяргей Красны, намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.

Увогуле па ўсіх хваробах вёска "апярэджвае" горад.

Сяргей Красны: "На вёсцы моладзі не шмат. Самае галоўнае, што смяротнасць знізілася ў гэтым годзе".

За 10 гадоў з-за розных праблемаў са здароўем людзі сталі паміраць меней. Так, амаль у тры разы знізілася смяротнасць з-за хваробаў эндакрыннай сістэмы. Але з'явіліся новыя прычыны смерці. З-за псіхічнага разладу і хваробаў нервовай сістэмы людзі сталі паміраць часцей амаль у два разы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі