Беларусы прайшлі ў "Міжморскай калоне" на Маршы незалежнасці ў Варшаве
Беларуская калона на Маршы незалежнасці ў Варшаве
11 лістапада ў Польшчы адзначалі Дзень незалежнасці. У гэты дзень у Варшаве прайшло традыцыйнае шэсце — Марш незалежнасці. У складзе адной з калон прайшлі беларусы, піша MOST.
У маршы ў Варшаве прынялі ўдзел каля 90 тысяч чалавек. Беларусы ішлі ў "Міжморскай калоне". Яе ўдзельнікамі былі таксама палякі, украінцы, літоўцы, латышы, эстонцы ды прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Арганізатарамі калоны былі беларускія нацыяналісты з РУХу і польская арганізацыя Młode Kresy.
На чале калоны неслі банер з цэнтральным лозунгам на лацінцы "Intermarium — Naša moc u adzinstvie!"
Intermarium (Міжмор'е) — ідэя палітычнага і ваеннага саюза краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія імкнуцца да незалежнасці ад уплыву як Расіі, так і Захаду.
Калона выкрыквала лозунгі "Жыве Беларусь", "Niech żyje Polska" ("Жыве Польшча"), "Інтэрмарыюм — моц і бяспека", "Mińsk-Warszawa — wspólna sprawa" ("Мінск-Варшава — агульная справа"), "Слава палку Каліноўскага".
Прадстаўнікі РУХу кажуць, што палякі ставіліся да калоны прыязна: падыходзілі выказаць падзяку і падтрымку, сфатаграфавацца на фоне банера.
"Нам было прыемна разам з палякамі адзначыць іх галоўнае свята. Не трэба забываць, што за незалежнасць Польшчы змагалася нямала беларусаў. Таксама сваім удзелам мы жадалі падзякаваць польскай дзяржаве за прыхільнае стаўленне да нашых суайчыннікаў. Нагадаць польскаму народу, што беларусы супраць крывавых неасавецкіх рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна", — адзначаюць удзельнікі шэсця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.