Беларусы сабралі ў Берліне "Стол заўсёднікаў"

Уладальнікі трымалі адчыненай кавярню нават пазней за звычайны час закрыцця. 
Ад 19 і за поўнач вяліся размовы на розныя тэмы – гэтак званы «Стол заўсёднікаў» ў фармаце «штамціш», калі няма фіксаванай праграмы і мерапрыемстваў і запрашаюцца новыя і новыя людзі. «Стол заўсёднікаў» праходзіць у Берліне ўжо дзевяты раз. На першай сустрэчы было чалавек пяць, а на гэтай сустрэчы ужо каля 20 нашых землякоў.
Арганізатар Табіяс Вайман кажа, што  беларусаў у Нямеччыне шмат, але людзі проста ня могуць адно аднаго знайсці. Але цяпер беларусаў усё больш і больш з кожнай сустрэчай.
Табіяс: - Я заснаваў суполку ў Фэйсбуку, мы зрабілі платную рэкламную кампанію і знайшлі прыкладна 200 беларусаў у Нямеччыне. Ну і зараз у нас ужо цэлая сетка на сайце http://www.pakalennie.de/.
Табіяс кажа, што асноўная мэта гэтых сустрэч – каб беларусы трымаліся разам нават на чужыне і маглі пасля такіх сустрэч зрабіць нешта разам:
Табіяс: - Гэта як база для новых праэктаў і для сяброўства!




Каляжанка Табіяса, беларуска Ганна Сівакова кажа, што на кожнай сустрэчы бываюць новыя людзі, бывае нават палова новых людзей. 
Ганна: -  Фармат Stammtisch прадугледжвае нефармальны стыль размоваў і адкрытыя зносіны паміж наведнікамі. Натуральна, Беларусь – цэнтр такіх размоў.
На гэтай сустрэчы прысутнічалі тры дактаранты-фізікі з Беларусі, магістрантка з Гомеля, якая раней вучылася ў Варшаве, пісьменнік, мастак і журналіст Алесь Тарановіч, а таксама прысутнічае вельмі актыўны аматар Беларусі Фрыд Нільсэн, які працуе ў міністэрстве замежных спраў Нямеччыны, але нейкі час працаваў у Беларусі, і пакуль жыў там, з'ездзіў усю краіну на ўласнай машыне і дагэтуль сэрцам там, таму вельмі цікавіцца ўсім, што звязана з нашай радзімай.
Табіяс выказвае спадзяванне, што гэтая традыцыя будзе мець працяг і ў іншых гарадах Нямеччыны, тым больш былі спробы правядзення такіх жа сустрэч беларусаў у Кёльне і ў Мюнхене. Ужо зараз зробленая мапа ў інтэрнэце, на якой будуць паказаныя месцы, дзе жывуць падпісчыкі рассылкі сайта pakalennie.de, такім чынам беларусы будуць мець шанец знайсці адно аднаго не толькі ў Нямеччыне, але і ва ўсім свеце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі