Без намёкаў. Як у Беларусі следчыя саджалі невінаватых

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

14 траўня 1971 года першае сваё забойства здзейсніў Генадзь Міхасевіч — серыйны забойца, які атрымаў мянушку Віцебскі душыцель. За наступныя 14 гадоў ён забіў у Віцебскай вобласці мінімум 36 жанчын. Пакуль маньяка не знайшлі, замест яго судзілі невінаватых людзей — аднаго нават паспелі расстраляць.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” успамінае “цуды” правасуддзя БССР. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Без намёкаў. Як у Беларусі следчыя саджалі невінаватых

Першую ахвяру Міхасевіч забіў каля вёскі Экімань Полацкага раёна. Злачынства заставалася нераскрытым больш за месяц, таму інспектара крымінальнага вышуку Барыса Лапарэвіча адхілілі ад расследавання. І тут за справу ўзяўся следчы па асабліва важных справах пракуратуры Беларускай ССР Міхаіл Жаўняровіч. Пасля гэтага ў забойстве прызналі вінаватым нейкага Глушакова. Яго асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі.

У 1971-м і 1972-м Міхасевіч здзейсніў яшчэ тры забойствы. Неўзабаве ў прыгарадзе Віцебска арыштавалі трох чалавек: Валерыя Кавалёва, Мікалая Янчанку і Уладзіміра Пашкевіча.

Сведка бачыла недалёка ад месца злачынства нейкага мужчыну са шчанюком аўчаркі. Адзіным доказам супраць мужчын была знойдзеная ў Кавалёва фатаграфія шчанюка памерам крыху больш за ката, зусім не падобнага да аўчаркі. Падчас вочнай стаўкі з Кавалёвым, Янчанкам і Пашкевічам, якую праводзіў Міхаіл Жаўняровіч, яны блыталіся ў паказаннях.

Пры гэтым следчы пагражаў ім смяротным пакараннем, калі яны не прызнаюцца ў забойстве. Пад ціскам следства Кавалёў і Янчанка далі прызнальныя паказанні, а Пашкевіч супраціўляўся да апошняга.

Да прызнання яго ўсё-такі схіліла адвакатка. У выніку Кавалёву прызначылі 15 гадоў пазбаўлення волі, Пашкевічу — 12 гадоў, Янчанку — 2,5 года пазбаўлення волі.

Яшчэ шэсць забойстваў Міхасевіч учыніў з 1973 да 1980 года. А ў 1981-м ён набыў аўтамабіль і пачаў завабліваць у машыну дзяўчат і жанчын, якія прасілі іх падвезці. Забойстваў стала ў шмат разоў больш.

За злачынствы Віцебскага душыцеля ў выніку асудзілі 14 невінаватых. Аднаму з іх, Мікалаю Цярэню, прызначылі смяротнае пакаранне і расстралялі. Іншы, Уладзімір Гарэлы, аслеп у месцах пазбаўлення волі.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў ужывалі катаванні супраць падазраваных, фальсіфікавалі справы. Напрыклад, у кватэру Алега Адамава падкінулі фатаграфію забітай жанчыны.

Большасць следчых не займалася пошукам менавіта серыйнага забойцы, кожнае забойства разглядалася як асобная справа. Акрамя таго, на органы следства ціснула кіраўніцтва, зацікаўленае ў высокіх паказчыках раскрывальнасці злачынстваў. За гэты перыяд было дапушчана больш за 10 судовых памылак — перш за ўсё па віне следчых. 

Памылка Міхасевіча

І хоць па колькасці ахвяраў Міхасевіч не змог “дагнаць” іншага савецкага маньяка, Андрэя Чыкацілу, беларуса значна даўжэй не маглі схапіць. Невядома, колькі яшчэ Міхасевіч здзяйсняў бы свае злачынствы, калі б адна са сведак не заявіла, што забітая ў Бешанковіцкім раёне дзяўчына незадоўга да смерці садзілася ў чырвоны “Запарожац”.

Калі міліцыя пачала “адпрацоўваць” усіх уладальнікаў падобных аўтамабіляў у вобласці, у іх лік трапіў і Міхасевіч. Маньяк занерваваўся і, каб адвесці ад сябе падазрэнні, у жніўні 1985-га адправіў у рэдакцыю газеты “Віцебскі рабочы” ліст.

У ім гаварылася, што ў абласным цэнтры нібыта дзейнічае арганізацыя, якая змагаецца з несправядлівасцю і жорстка карае тых, хто ёй не падпарадкоўваецца. Лістом, падпісаным “Патрыёты Віцебска”, зацікавілася абласное ўпраўленне КДБ.

Праз некалькі месяцаў запіска з такім самым подпісам з'явілася ў кляпе забітай жанчыны. Эксперты вывучылі сотні тысяч рукапісных папер, пакуль нарэшце сярод дакументаў уладальнікаў чырвоных "Запарожцаў" не знайшлі падобны почырк.

Пракуратура выдала санкцыю на арышт Міхасевіча — і ў яго знайшлі рэчы забітых жанчын. Да таго моманту за злачынствы Міхасевіча паспелі асудзіць 14 ні ў чым не вінаватых людзей.

“Пакаранне” следчых

Пасля таго як Міхасевіча злавілі, расследаванне выявіла шматлікія злачынствы следчых органаў. У выніку Жаўняровіч быў прызнаны вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Без намёкаў. Як у Беларусі следчыя саджалі невінаватых

Аднак у сувязі з амністыяй у гонар 70-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі крымінальную справу ў дачыненні да яго спынілі, а самога следчага адправілі на пенсію з захаваннем усіх званняў і ўзнагарод. Сваёй віны Жаўняровіч так і не прызнаў. Ён памёр у канцы 1987 года, неўзабаве пасля адпраўкі на пенсію.

Іншыя следчыя атрымалі нязначныя тэрміны, некаторыя — нават умоўныя. Больш за 200 супрацоўнікаў праваахоўных органаў “пакаралі” вымовамі па партыйнай лініі. Адзінкі адхілілі ад працы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі