Брэсцкі міліцыянт напісаў заяву на збітага ім журналіста
Маёр міліцыі Ігар Шутнік напісаў заяву на збітага ў Ленінскім РАУС Брэста Дзяніса Марука, рэдактара сайта realbrest.by. Нагодай стаў пост журналіста ў сацсетках, дзе той назваў міліцыянта садыстам.
Маёр палічыў гэта абразай для сябе. Паводле інфармацыі Радыё "Свабода", ён напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС з патрабаваннем прыцягнуць Марука да адказнасці за гэтае слова. Журналіста ўжо выклікалі ў РАУС, дзе з яго ўзялі тлумачэнні.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося 29 сакавіка. Дзяніса Марука затрымалі і жорстка збілі ў Ленінскім РАУС. Па словах рэдактара сайта, яго білі галавой аб сцяну і падлогу, білі па нагах і нырках, лыжкай расціскалі зубы. Так міліцыянты хацелі атрымаць флэшку, на якую журналіст здымаў адну з акцыяў "недармаедаў" у Брэсце.
Марук напісаў скаргу ў пракуратуру на супрацьпраўныя дзеянні міліцыянтаў і апісаў падзеі ў сацсетках. Таксама ён звярнуўся ў суд Ленінскага раёна Брэста з просьбай адмяніць адміністрацыйнае пакаранне: яго аштрафавалі на 46 рублёў (дзве базавыя велічыні) за дробнае хуліганства.
Праз некалькі дзён пасля гэтага міліцыянт падаў скаргу на журналіста.