Будаўніцтва Астравецкай АЭС кантралюецца дакументам 30-гадовай даўніны

Будаўніцтва Астравецкай АЭС кантралюецца дакументам 30-гадовай даўніны

Паводле карпарацыі "Расатам" (галоўнага падрадчыка на будаўніцтве беларускай АЭС), з  корпусам рэактара нічога страшнага не адбылося. Ён "праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, даткнуўшыся зямлі", а не падаў. Аб выніках праверкі ўжо расказвае намеснік гендырэктара "Расатама" Аляксандр Локшын:

"Што ж тычыцца корпуса, то ніводнае з істотных уздзеянняў, якія маглі б прывесці да змены яго ўласцівасцяў, ён не зазнаў. Паказанні прыбораў і разлікі пераканаўча даказваюць, што максімальная нагрузка на корпус была шматкроць меншая за дапушчальную і ў паўтара разы ніжэйшая нават за тую, якую ён вытрымлівае бесперапынна ў рэжыме нармальнай эксплуатацыі на працягу шасцідзесяці гадоў", – цытуе Аляксандра Локшына сайт "Расатама". 

"Зараз стан корпуса рэактара ацэньвае беларуская камісія. Аб выніках яе працы мы праінфармуем. Калі корпус патрабуе замены, яго памяняюць", – так праверку апісваюць у нашым Міністэрстве энергетыкі 1 жніўня. Праз 22 дні пасля здарэння.

Будаўніцтва Астравецкай АЭС кантралюецца дакументам 30-гадовай даўніны

"Забараняюцца манёўры штуршкамі!" Відэа прыбыцця корпуса рэактара ў Астравец

Расійскія атамшчыкі настойваюць, што пасля "саслізгвання" з вышыні 4 метраў корпус рэактара будучай Астравецкай АЭС не пацярпеў.

Але, як высвятляе Еўрарадыё, зараз корпус рэактара правяраюць… расійскія спецыялісты. І гэтая праверка працягнецца да 5 жніўня. А ўжо пасля аналізам дакументаў зоймецца рэгулюючы орган з беларускага боку – "Дзяржатамнагляд".

"Праверку вядуць заказчык – Беларуская АЭС, і генпадрачык – расійская кампанія. Беларускія спецыялісты ўжо атрымоўваюць ад расіян дакументы. Наступны этап – аналіз дакументаў з боку станцыі. Далей яны перададуць дакументы нам, у рэгулюючы орган. І мы ўжо будзем выпрацоўваць рашэнне", – апісваюць у "Дзяржатамнаглядзе", арганізацыі, якая сочыць за будаўніцтвам АЭС.

Аналіз дакументаў – гэта добра. Але ці мае рэгулюючая арганізацыя доступ да самога корпуса рэактара? Атрымоўваем такі адказ: "На абсталяванні, тым больш такім, як рэактар, працуюць самі расіяне, без беларускіх спецыялістаў. Таму спярша яны самі разбяруцца, а пасля падключаць беларускіх спецыялістаў".

Корпус рэактара, які "дакрануўся да зямлі", таксама могуць праверыць і замежныя эксперты. Ініцыятарам можа стаць Мінэнерга. У "Дзяржатамнаглядзе" Еўрарадыё абяцаюць адразу праінфармаваць аб выніках праверкі, як толькі яна завяршыцца.

З доступам беларусаў да корпуса рэактара, які "дакрануўся да зямлі" з вышыні 4 метраў, здаецца, усё зразумела ― нас туды пакуль не пускаюць. Зараз яшчэ адно пытанне: ці абавязаныя ўлады інфармаваць грамадзян і суседнія краіны пра такія “няштатныя сітуацыі” падчас будаўніцтва АЭС?

Аказваецца, што бадай адзіны дакумент, які гэта рэгулюе, ― Канвенцыя аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі. Прынятая яна была амаль адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у верасні 1986 года.

"Ёсць абавязальніцтва інфармаваць аб падзеях, якія прыводзяць да радыялагічнай пагрозы. Вось учора намеснік міністра энергетыкі Міхадзюк падкрэсліў, і мы падцвярджаем, што радыялагічнай небяспекі няма. Таму што на станцыі няма ні паліва, ні матэрыялаў. Калі б такія матэрыялы былі, то набыло б моц не толькі беларускае заканадаўства, але і міжнароднае, да якога мы далучыліся", ― расказвае Еўрарадыё начальнік аддзела камунікацый "Дзяржатамнагладу" Алег Собалеў.

Іншымі словамі, беларускія ўлады могуць і не расказваць пра інцыдэнты на будаўніцтве Астравецкай АЭС, пакуль туды не завезлі ядзернае паліва, а рэактар не пачаў працаваць. Праўда, у "Дзяржатамнаглядзе" нам гавораць, што важнасць будоўлі разумеюць, таму стараюцца інфармаваць грамадскасць аб усіх значных інцыдэнтах хаця б раз на год:

"Мы павінны інфармаваць грамадскасць аб стане ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Але, зноў жа, працэдуры па падзеях, як дзейнічаць, у нас няма. І вось мы з мінулага года пачалі выдаваць штогадовыя агляды таго, што адбываецца на будаўнічай пляцоўцы АЭС".

У святле такіх прызнанняў можна толькі здзівіцца, што пра інцыдэнт з корпусам рэактара мы ўвогуле змаглі даведацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі