Бялкоўскі распавёў пра стратэгію "Пуціна-дзюдаіста" (відэа)

Мінскія дамоўленасці не знішчылі галоўную прычыну вайны, галоўную прычыну канфлікту ў Еўропе, кажа ў інтэрв'ю ўкраінскаму Грамадскаму тэлебачанню вядомы расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі. Паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін "хоча прымусіць Захад весці перамовы пра лёс свету і часткова аднавіць Ялцінска-Патсдамскі светапарадак, які ўжо 25 гадоў не існуе пасля паражэння Савецкага Саюза ў халоднай вайне".

Паколькі гэтая прычына застаецца, Бялкоўскі не верыць, што дамоўленасці будуць выконвацца.

"Фактычна на тэрыторыі шэрагу раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей створана "Прыднястроўе-2", непрызнаная дзяржава, якая будзе кантралявацца з Масквы, а не з Кіева. Таму пытанне амністыі для ўсіх баевікоў носіць "схаластычны характар", паколькі нават калі Украіна адмовіцца ад амністыі, яна не зможа прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асобаў, якія будуць знаходзіцца на тэрыторыі "Прыднястроўя-2", — мяркуе эксперт.

На думку Станіслава Бялкоўскага, "гэты замарожаны канфлікт" будзе існаваць да таго часу, пакуль Масква яго будзе падтрымліваць. "Для Масквы — гэта магчымасць уплыву не столькі на Украіну, колькі на Еўропу і Злучаныя Штаты праз Украіну", — кажа палітолаг.

Для Пуціна было важна не дапусціць новых санкцый Захаду супраць Расіі, паколькі расійская эканоміка ледзь вытрымлівае існуючыя санкцыі, мяркуе Бялкоўскі. "Пуцін — дасведчаны гулец. Не будзем забываць, што ён — дзюдаіст, а стратэгія дзюдаіста заўсёды прадбачыць пэўную камбінацыю: павышэнне і паніжэнне ставак, дэманстрацыю пэўнай слабасці з мэтай завабіць саперніка і прымусіць яго іграць па сваёй логіцы", — сказаў у эфіры Грамадскага тэлебачання расійскі палітолаг.

Паводле Бялкоўскага, для Пуціна самым важным было аднавіць сам фармат дыялогу з Захадам. Аднавіць яго без вываду сваіх войскаў з Данбаса і з захаваннем кантроля за ўкраінска-расійскай мяжой у Луганскай і Данецкай абласцях.

Нагадаем, паводле мінскіх дамоўленасцяў у ноч з 14 на 15 лютага на Данбасе мусіць быць спынены агонь. Аднак пакуль там ідуць баі, украінскія войскі спрабуюць прабіць "дарогу жыцця" ў акружанае Дэбальцава.

Фота: БЕЛТА, svpressa.ru, АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі