Быць жанчынай у Беларусі горш, чым у Саудаўскай Аравіі і Туркменістане
Што значыць быць жанчынай у Беларусі? Адказваюць амерыканскія даследчыкі
Інстытут жанчын, міру і бяспекі (WPS) пры Універсітэце Джоджтаўна (Вашынгтон) і Інстытут даследавання міру ў Осла склалі рэйтынг, які адлюстроўвае статус жанчын у розных краінах свету. У ім улічаныя розныя аспекты жыцця жанчын са 177 краін.
Гэта, напрыклад, удзел у эканоміцы, бяспека, прадстаўніцтва ў палітычным жыцці, здароўе, мацярынская смяротнасць, доступ да прававой абароны і блізкасць да ўзброеных канфліктаў. На падставе гэтага даследчыкі зрабілі вывады, у якіх краінах жанчынам жывецца лепш, а ў якіх — горш.
У тым, што лягчэй быць жанчынай у мірнай, дэмакратычнай, багатай краіне, адкрыцця няма. Згодна з індэксам WPS, раем для жанчын можна лічыць Данію — яна заняла першае месца. Далей ідуць Швейцарыя, Швецыя, Фінляндыя, Ісландыя, Люксембург, Нарвегія, Аўстрыя, Нідэрланды і Новая Зеландыя.
Найгоршая краіна ў свеце для жанчын — Афганістан. Таксама ў топ-10 з канца рэйтынгу — Гаіці, Ірак, Самалі, Эсваціні (краіна ў Паўднёвай Афрыцы), Сірыя, Бурундзі, Паўднёвы Судан, Конга, Цэнтральна-Афрыканская рэспубліка і — на перадапошнім месцы — Емен. Большасць з гэтых краін не паказвае развіцця ў кірунку правоў жанчын з часу першых даследванняў у 2017—2018 гадах, падкрэсліваюць навукоўцы.
У некаторых краінах вельмі супярэчлівыя адзнакі па розных аспектах. Напрыклад, ва Украіне жанчыны больш-менш добра інтэграваныя ў грамадскае жыццё і палітыку, яны маюць доступ да прававой абароны, але не могуць пачувацца бяспечна з прычыны вайны. Таму Украіна заняла ў рэйтынгу толькі 117-е месца. А Расія — 56-е, і следам за ёй — Туркменістан.
Добра з адукацыяй і мабільнай сувяззю
Наша краіна ў індэксе WPS заняла 69-е месца. Гэта першая палова рэйтынгу, што сведчыць пра тое, што не ўсё так дрэнна. Перад намі — Малайзія, Саудаўская Аравія і Чылі, адразу пасля нас — Казахстан.
У Беларусі ўсё добра з доступам да адукацыі. Жанчыны ў сярэднім выдаткоўваюць на гэта 12,2 года, што параўнальна з паказчыкамі краін — лідараў індэксу.
Не горш за ўсіх, але і не вельмі добра адносна развітых дзяржаў у беларусак з фінансавай незалежнасцю. Пад ёй даследчыкі мелі на ўвазе працэнт жанчын і дзяўчат ад 15 гадоў, якія маюць у банку ўласны або сумесны рахунак або карыстаюцца мабільнымі фінансавымі паслугамі. У Беларусі 81,3% фінансава незалежных жанчын. Гэта больш, чым у Туркменістане, Малдове, Грузіі, якія ў рэйтынгу займаюць вышэйшыя за нас пазіцыі.
Працаўладкаваныя ў Беларусі 79,1% жанчын ва ўзросце 25-64 гадоў. І гэта зноў добры паказчык. Гэта значыць, што жанчыны задзейнічаныя ў эканоміцы.
Мабільнай сувяззю карыстаецца 88% беларусак. Гэты паказчык адлюстроўвае, наколькі жанчыны маюць сувязь і доступ да інфармацыі.
У індэксе ўлічылі і парламентарную рэпрэзентатыўнасць. У Беларусі 34,7% жанчын удзельнічаюць у палітычным жыцці. Гэта сярэдні паказчык. Прыкладна такі ж у Канадзе — 35%. Але ёсць да чаго імкнуцца! У Даніі гэта 43,6%, у Швецы і Нарвегіі — больш за 46%.
Што яшчэ добрага паказаў рэйтынг? У Беларусі амаль адсутнічае юрыдычная дыскрымінацыя, лічаць даследчыкі (гэта калі законы розныя для мужчын і жанчын). У прагрэсіўных краінах тут па 100 балаў, у Беларусі — 75,6.
У Беларусі падазрона нізкая мацярынская смяротнасць — як нідзе ў свеце
Вось што псуе нам маліну, дык гэта доступ да юстыцыі. Ён ацэньваўся ў балах ад 0 да 4 і паказвае, ці могуць жанчыны звяртацца ў суд без рызыкі для ўласнай бяспекі, калі ўлады парушаюць іх правы. Беларусь набрала толькі 0,846 бала. Украіна — 2,5, Расія — 1,6, Польшча — 2,58.
Таксама ў нас нізкі каэфіцыент мацярынскай смяротнасці (колькасць смерцяў на 100 000 жыванароджаных дзяцей). У Беларусі, згодна з рэйтынгам, 1,1. І гэтая лічба выклікае сумневы, бо такога паказчыку няма больш ні ў адной краіне свету, што трапілі ў індэкс.
У той жа час у краінах з вярхушкі рэйтынгу гэты паказчык вагаецца ў межах ад 2,7 (у Ісландыі) да 8,3 (у Фінляндыі).
Што да інтымнага і фізічнага гвалту з боку партнёра, то ў рэйтынг трапіла статыстыка, параўнальная з агульнасусветнымі тэндэнцыямі. У Беларусі 6% жанчын за апошні год цярпелі гвалт. Гэта столькі ж, колькі ў Швецыі і ЗША.
На пытанне “Ці адчуваеце вы сябе бяспечна, гуляючы позна вечарам ці ноччу ў горадзе або раёне, дзе жывяце?” станоўча адказалі 56% беларусак. Амаль столькі ж — у Аўстраліі і Бельгіі.
Але не вельмі добрая адзнака ў Беларусі што да палітычнага гвалту, скіраванага на жанчын — 0,194 выпадку на 100 000 жанчын. У параўнанні з іншымі краінамі ў нас тут мог бы быць нуль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.