Былы старшыня Віцебскага гарвыканкама ўладкаваўся на працу ў хімчыстку
Вадзім Заранкін / "Витебские вести"
Былы старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранкін узначаліў хімчыстку, паведамляе партал "Народныя навіны Віцебска".
Прозвішча Заранкіна з'явілася на сайце прадпрыемства ААТ "Аб'яднанне "Лотас". Партал адзначае, што, "мяркуючы з запісаў у рэестры, Вадзім Заранкін быў прызначаны на новую пасаду 1 красавіка 2021 года", гэта значыць праз два месяцы пасля адстаўкі з пасады старшыні гарвыканкама. Цікава, што ў канцы студзеня, калі стала вядома аб гэтай адстаўцы, паведамлялася, што Заранкін сышоў з пасады па ўласным жаданні ў сувязі з пераходам на іншую працу. Старшынёй гарвыканкама ён адпрацаваў усяго каля года.
Пасля выбараў у жніўні 2020-га Заранкін удзельнічаў у Віцебску ў праўладным мітынгу "За Беларусь". У Летнім амфітэатры тады сабралася некалькі тысяч прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.
Між тым сыны Вадзіма Заранкіна далучыліся да пратэстаў. Іх затрымлівалі мінулай восенню. Малодшы, Філіп, адседзеў 13 сутак у ізалятары, старэйшага, Вадзіміра, пакаралі 10-ю суткамі.
Філіп Заранкін пасля арышту расказваў у інтэрв'ю Еўрарадыё, што, нягледзячы на пасаду бацькі і звязаныя з гэтым палітычныя рознагалоссі, у іх з братам добрыя адносіны з бацькамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.