BYSOL выплаціў сем'ям палітвязняў амаль палову з першага траншу марафону
Сабраныя падчас марафону грошы прызначаныя для падтрымкі палітвязняў і іх сем'яў
Фонд салідарнасці BYSOL выплаціў 49,5 тыс. еўра са 100 тыс. — першага траншу, атрыманага паводле вынікаў марафону салідарнасці з палітвязнямі "Нам не ўсё адно". Пра гэта паведаміў сузаснавальнік арганізацыі Андрэй Стрыжак. Паводле яго, былі выкананыя 99 заявак.
З другой паловы траншу "мы зможам аплаціць яшчэ 100 заявак, таму заклікаем падаваць заяўкі для атрымання дапамогі ў памеры 500 еўра", напісаў Стрыжак у сацсетках.
Нагадаем, марафон салідарнасці з палітвязнямі "Нам не ўсё адно" прайшоў у ліпені. За два дні для палітвязняў і іх сем'яў сабралі больш за 574 тысячы еўра. Гэта ў 2,5 разу больш, чым першапачаткова разлічвалі арганізатары.
У кастрычніку МУС і Следчы камітэт паведамілі пра завядзенне крымінальнай справы на арганізатараў і ўдзельнікаў марафону за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці". Сцвярджалася, што ў справе — каля 60 фігурантаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.