Чаму Беларусь не аказвае гуманітарнай дапамогі Украіне?

Міністэрства замежных спраў Украіны сёння радае любой дапамозе.

“Наш прэзідэнт праявіў ініцыятыву, так званую Міжнародную місію дапамогі. У рамках гэтай місіі многія краіны, у тым ліку ЕС, дапамаглі. Гэта не толькі гуманітарная, але і фінансавая дапамога”, — кажа кіраўнік прэс-службы МЗС Украіны Яўген Перабійніз.

Толькі вось ад Беларусі нічога не атрымлівалі.

“Мы не звярталіся канкрэтна да якой-небудзь краіны, але будзем радыя любой дапамозе. Мы адкрытыя”, —кажа Яўген Перабійніз.

У МЗС Беларусі Еўрарадыё кажуць, што гэтым павінны займацца Саўмін. А там нічога ні пра якую гуманітарку братам-украінцам не ведаюць.

“Вы зразумейце, каб былі такія навіны, мы б іх самі апублікавалі. Магчыма, на тое, каб аказаць гуманітарную дапамогу Украіне, патрэбна рашэнне яшчэ вышэй”, — кажуць мне ў Саўміне.

Яшчэ “вышэй”, у прэс-службе кіраўніка краіны, заўважаюць, што не маюць да гэтага ніякага дачынення, пытанне не да іх.

Дарэчы, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў у Мінску заявіў, што Казахстан гатовы аказаць дапамогу Украіне.

“Украіне патрэбная дапамога, і Астана гатовая яе аказаць”, — сказаў Назарбаеў падчас сустрэчы прэзідэнтаў у Мінску.

Але з таго часу ніякіх зрухаў. Прэс-служба МЗС Казахстана на пытанне Еўрарадыё, дзе ж абяцаная прэзідэнтам гуманітарная дапамога, просіць запыт.

“На словах мы чулі пра гэта, але што афіцыйна было зроблена, не ведаем. Пачакайце некалькі дзён, мы адкажам на гэтае пытанне”, — кажуць у МЗС Казахстана.

Тым часам у Мінску 9 верасня пройдзе дабрачынная акцыя “Мы любім украінскі боршч”. Боршч прыгатуе беларускі рэжысёр Вольга Нікалайчык. Сабраныя сродкі пойдуць украінскім параненым.

А Беларускі Чырвоны Крыж ладзіць акцыю па зборы гуманітарнай дапамогі ўкраінцам. Людзі збіраюць рэчы і канцтавары для ўкраінцаў-бежанцаў, што прыехалі ў Беларусь.

“Збіраем даўно. Патрэбнае ўсё, у тым ліку дзіцячыя канцтавары. Бо дзеці пайшлі ў школы. У нас дзяцей бяруць нават без дакументаў. У Гомелі ладзіцца свая акцыя для ўкраінцаў, якія жывуць цяпер у Гомелі, у нас свая — для мінскіх украінцаў. Вельмі добра людзі адклікаюцца”, — кажуць у Беларускім Чырвоным Крыжы. Пра збор гуманітарнай дапамогі Украіне тут нічога не чулі.

“Усё, што вам не патрэбнае, але ў добрым стане, вы можаце да нас прынесці. Мы будзем радыя”, — паказваюць прыклад у Чырвоным Крыжы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі