Чаму украінская армія не здольная разагнаць сепаратыстаў
Спецыялісты мяркуюць, што развал і недафінансаванне украінскай арміі мала ўплывае на яе здольнасць разагнаць сепаратыстаў — гэта справа міліцыі.
“Яшчэ да Януковіча армія была недафінансаванай. Нават 2% ВУП на армію не давалі. У НАТА 2% заведзена, у нас было менш. І нават гэтая сума дзялілася на дзве часткі. Адна з бюджэту паступала, а іншую трэба было самастойна зарабіць. Але гэта ж армія, як яна можа зарабіць? Вытворчасцю узбраення хіба. Але гэтага не хапала”, — расказвае рэдактар міжнароднага аддзела газеты “Дзень” Мікола Сірук.
Моцныя перамены пасля прыходу Віктара Януковіча да ўлады чакалі і пераемніцу савецкага КДБ, Службу бяспекі Украіны. Яе узначаліў… доктар педагагічных навук, эканаміст і бізнэсмэн Валерый Харашкоўскі. Сірук кажа, што непрафесіяналы занялі таксама шэраг пасадаў у Мінабароны.
“Калі прыйшоў да ўлады Януковіч, ён скінуў Налівайчанку (кіраўнік Службы бяспекі Укріаны, прызначаны Юшчанкам. Зноў узначальвае СБУ пасля уцёкаў Януковіча), прызначаў на пасады ў Міністэрстве абароны і СБУ непрафесіяналаў. Нават той жа Харашкоўскі (два гады кіраваў СБУ падчас праўлення Януковіча) быў бізнесменам”.
Валерыя Харашкоўскага на пасадзе старшыні СБУ замяняе Ігар Калінін, выпускнік Маскоўскага вышэйшага каманднага вучылішча дарожных і інжынерных войскаў, якога называюць “цалкам чалавекам Віктара Януковіча”. Расіяне замянілі украінскіх афіцэраў на кіраўнічых пасадах і ў Мінабароны Украіны.
“Расіяне ўзначальвалі Міністэрства абароны, спецслужбы. Можаце сабе ўявіць, які стан быў у гэтых спецслужбаў? Зразумела, што калі Януковіч уцякаў, то ніякай магчымасці яго затрымаць не было”.
Беларускі эксперт Аляксандр Алесін кажа, што нацыянальнасць кіраўніцтва арміі і спецслужбаў ўсё ж не з’яўляецца вызначальным фактарам. Ён лічыць, што асноўнай прычынай нізкай баяздольнасці украінскай арміі стаў распроодаж найноўшай зброі і абсталявання а таксама адсутнасць мадэрнізацыі падчас праўлення як Віктара Януковіча, так і іншых прэзідэнтаў Украіны.
“Давайце ўзгадаем, хто раскраў і распрадаў бранетанкавую тэхніку, авіяцыю. І гэтыя грошы не вярнуліся ў краіну для мадэрнізацыі арміі”.
Алесін мяркуе, што вінаваціць армію ў няздольнасці падавіць сепаратыстаў на усходзе Украіны некарэктна. Яна прызначаная зусім для іншых мэтаў і вайскоўцы проста не ўмеюць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі і супраць сваіх грамадзян. На думку эксперта, займацца гэтым павінны спецслужбы.
“Такія задачы вырашаюцца вострым скальпелем, а не дубінай. Армія — гэта дубіна. А спецназ міліцэйскі, унутраныя войскі — гэта і ёсць хірургія. Кропкавымі аперацыямі яна нейтралізуе зачыншчыкаў, дробныя групы на стадыі іх фармавання”.
Вырашыць праблему мог бы распушчаны новымі ўладамі сумна вядомы “Беркут”. Стварэнне новай падобнай структуры — справа не аднаго года. Аляксандр Алесін заўважае, што Беларусь падрыхтаваная да падаўлення выступленняў, падобных украінскім, куды лепш за сваю паўднёвую суседку — агульная колькасць падраздзяленняў унутраных войскаў, міліцыі і спецфарміраванняў у нашай краіне нават пераўзыходзіць колькасць жаўнераў рэгулярнай арміі. Не кажучы ўжо пра больш сучасную тэхніку і абсталяванне. Так што, словы Лукашэнкі пра гатоўнасць адбіваць любыя атакі могуць быць блізкімі да праўды.
Фота Reuters.