Чаму зацягваюць увядзенне ўдарных мер супраць спайсаў і марак

Законапраект, накіраваны на ўдар па спайсах, марках і парашках, не будзе прыняты гэтым летам. Дэпутаты не паспяваюць.

У законапраекце прапісанае стварэнне антынаркатычнай камісіі, якая зможа за лічаныя дні забараняць любы сінтэтычны псіхатроп новага пакалення. Сёння ж уключэння рэчыва ў Рэспубліканскі пералік даводзіцца чакаць месяцамі. Гэты час наркагандляры выкарыстоўваюць для распаўсюджвання псіхатропаў пад выглядам так званай “легалкі”.

“Законапраект трапіў да нас на пачатку красавіка. Таму ў дадзеным выпадку мы працуем нават на апярэджанне, ― каментуе сітуацыю удзельнік Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Васіль Аляксеенка. ― Трэба разумець асаблівасці нарматворчай дзейнасці. Часам праца над адным законапраектам можа цягнуцца да года. У дадзеным выпадку ён можа быць прыняты ў першым чытанні ўжо ў гэтым месяцы”.

Еўрарадыё: Ці могуць узнікнуць складанасці са стварэннем антынаркатычнай камісіі з-за пагадненняў у межах Мытнага саюза?

Васіль Аляксеенка: Не, складанасцяў не ўзнікне. Дадам, што ўсе змены ў законах будуць накіраваныя не на пакаранне, а на папярэджанне праблемы. Хоць тэрміны за парушэнне закона будуць вельмі сур’ёзныя.

Расследаванне: як у Беларусі прадаюць спайс і псіхатропныя парашкі

За распаўсюджванне наркотыкаў збіраюцца даваць да 15 гадоў калоніі, як за забойства. А створаная камісія зможа прыраўняць спайсы і маркі да традыцыйных наркотыкаў: напрыклад, гераіну і какаіну.

Законапраект прадугледжвае іншыя неардынарныя меры. Напрыклад, адміністрацыйную адказнасць за спажыванне ― да 10 базавых велічынь. І такіх зменаў ў законапраекце цэлы спіс.

“Мы не дурні, тармазіць закон, але трэба кожны радок адпрацаваць. Кожнае слова мае наступствы”, ― выказваецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Зінаіда Мандроўская.

Па словах Зінаіды Мандроўскай, прапановы па зменах першапачаткова паступілі ў выглядзе ліста. І патрэбна было наноў пісаць закон, узгадняць яго ў шматлікіх інстанцыях. Гэта, натуральна, заняло час.

“У некаторыя прапановы былі зробленыя праўкі, ― працягвае Зінаіда Мандроўская. ― Напрыклад, пытанні выклікала паняцце “наркалабараторыя”. Па адміністратыўнай адказнасці ўнеслі папраўку, што калі чалавек добраахвотна звернецца па лячэнне, то ад адказнасці яго вызваляць. Было страшна, што людзі не пойдуць у бальніцу, спужаўшыся адказнасці, і будуць гінуць”.

Еўрарадыё: Як будзе працаваць антынаркатычная камісія, на якую і праваахоўнікі, і грамадства спадзяюцца як на панацэю у барацьбе з сучаснымі наркотыкамі?

Зінаіда Мандроўская: Гэта будзе структура з трох намеснікаў кіраўнікоў Мінздароўя, МУС і Камітэта дзяржаўных экспертыз. Калі новае рэчыва, якое мае наркатычныя ўласцівасці, нельга аднесці ні да адной базавай структуры, то спецыяльным рашэннем Камісія будзе ўносіць яго у рэспубліканскі пералік. Усё будзе рабіцца хутка. Хутка ― гэта добра, але галоўнае, каб не наламаць дроў.

5 чэрвеня на сайце TUT.BY з'явіўся крытычны артыкул наконт павольнага прасоўвання зменаў у антынаркатычнае заканадаўства. Упраўленне па наркакантролі МУС, на якое рабілася спасылка, напэўна, мае маральнае права выказваць такое меркаванне.

Калі б не леташнія экстраардынарыя меры супраць опійнага насення маку, а таксама спайсаў і марак, то колькасць наркатычных ахвяраў магла працягваць расці. Хоць і сёння, пакуль антынаркатычная камісія не створаная, людзі гінуць ад “легалкі” штодня ― хто ад перадазіровак, хто ад кіравання транспартам “пад кайфам”, хто ад самазабойстваў… Таму заклікі наркапаліцэйскіх да аператыўнасці не выглядаюць лішнімі.

Фота Reuters і house.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі