Чарговае затрыманне па справе аб забойстве ў Азарычах жонкі святара
Па справе аб забойстве ў Азарычах у Калінкавіцкім раёне 42-гадовай жонкі праваслаўнага святара 3 кастрычніка затрыманы 23-гадовы жыхар адной з вёсак. Следчыя правяраюць яго магчымую датычнасць да забойства, інфармуе ў Telegram прэс-служба Следчага камітэта. Маладога чалавека затрымалі "у выніку праведзеных следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў".
Цела жанчыны з нажавымі раненнямі знайшлі ў прыватным доме ў Азарычах 2 кастрычніка. Па падазрэнні ў здзяйсненні забойства быў затрыманы яе 47-гадовы муж, праваслаўны святар. Падчас затрымання ён знаходзіўся па месцы жыхарства ў стане алкагольнага ап'янення. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "забойства". Былі прызначаны экспертызы.
СК абяцае "паэтапна інфармаваць грамадскасць" пра абставіны справы. Грамадзян просяць "не нагнятаць абстаноўку, не распаўсюджваць здагадкі пра абставіны забойства". Расследаванне кантралюе кіраўнік упраўлення СК па Гомельскай вобласці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.