Часовы павераны ў справах Беларусі выкліканы ў МЗС Літвы праз борт Ryanair
Дагляд пасажыраў борта Ryanair ў Мінску
23 траўня часовы павераны ў справах Беларусі выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Літвы. Там у яго запатрабавалі неадкладнага вызвалення ўсіх пасажыраў і членаў экіпажа борта Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню і сеў у Мінску праз пагрозу мініравання, пазней не пацверджаную.
Пасажыраў рэйса, аднак, адправілі на дадатковы дагляд, падчас якога быў затрыманы блогер і фатограф Раман Пратасевіч, удзельнік каманды Святланы Ціханоўскай.
Па стане на 17:30 самалёт Ryanair не пакінуў Мінск. Па словах начальніка змены Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" Максіма Кіякова, на борце было 123 пасажыра. "Яны на дадзены момант знаходзяцца ў транзітнай зоне, дзе праходзяць дагляд Службай авіяцыйнай бяспекі. Адпаведна, пасля праходжання ўсіх гэтых працэдур камандзірам будзе прынята рашэнне пра вылет", — удакладняе спецыяліст.
Верагодна, колькасць пасажыраў названая без уліку Рамана Пратасевіча, бо на той момант МУС ужо пацвердзіла яго затрыманне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.