Чым адрозніваюцца праграмы кандыдатаў у Беларусі і краінах ЕС?

Чым адрозніваюцца праграмы кандыдатаў у Беларусі і краінах ЕС?

Еўрарадыё параўнала праграмы кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Сяргея Гайдукевіча, Таццяны Караткевіч, Аляксандра Лукашэнкі, Мікалая Улаховіча з перадвыбарнымі праграмамі прэзідэнтаў краін ЕС Франсуа Аланда, Далі Грыбаўскайтэ, Анджэя Дуды.

Памер праграмы

Памер перадвыбарных праграм беларускіх кандыдатаў і іх калег з Еўрасаюза вельмі падобны. У сярэднім яны займаюць 4-6 старонак. Праграма Мікалая Улаховіча змяшчаецца на 3 старонках фармату А5, з якіх палова старонкі складае біяграфія кандыдата. Праграма Сяргея Гайдукевіча, як і Аляксандра Лукашэнкі, змясцілася на няпоўных 4 старонках А4, а Таццяны Караткевіч — на 6.

Сёлетняя перадвыбарная праграма прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды займала 4 старонкі. 3 старонкі было ў кіраўніцы Літвы Далі Грыбаўскайтэ. А вось у французскага лідара Франсуа Аланда яна займала 23 старонкі фармату А4.

Чым адрозніваюцца праграмы кандыдатаў у Беларусі і краінах ЕС?

Эканамічная частка

Мікалай Улаховіч эканоміцы прысвячае 5 сказаў. Ён піша пра ўмацаванне традыцыйных галінаў эканомікі і пра пашырэнне міждзяржаўнай эканамічнай інтэграцыі. Сяргей Гайдукевіч абяцае стымуляваць легальны сектар эканомікі і “выціскаць” ценявы бізнес. Таццяна Караткевіч піша пра прадастаўленне самастойнасці прадпрыемствам. Аляксандр Лукашэнка пра пабудову “эканомікі ведаў”. Ён абяцае “новы эканамічны прарыў за кошт спалучэння эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, прыватнай ініцыятывы і добрасумленнай працы нашых людзей”.

Усе беларускія кандыдаты пішуць пра мадэрнізацыю і прыцягненне інвестыцыяў, пра развіццё прыватнага прадпрымальніцтва і паслабленне падатковага цяжару. Прэзідэнты ЕС таксама былі амбіцыйнымі ў пытаннях эканомікі. Даля Грыбаўскайтэ ў сваёй праграме 2014 года казала пра тое, што збіраецца праводзіць структурныя рэформы і рабіць эканоміку Літвы больш празрыстай. Франсуа Аланд абяцаў лібералізаваць падатковую сістэму, развіваць лічбавыя тэхналогіі і захаваць найважнейшыя прадпрыемствы дзяржаўнымі. Анджэй Дуда рабіў стаўку на аднаўленне польскай прамысловасці.

Чым адрозніваюцца праграмы кандыдатаў у Беларусі і краінах ЕС?

Унутраная і сацыяльная частка

Беларускія кандыдаты абяцаюць развіваць сацыяльную сферу краіны, падтрымліваць моладзь, пенсіянераў і інвалідаў. Усе выступаюць за павышэнне якасці сферы аховы здароўя і адукацыі, абяцаюць спыніць масавы выезд моладзі за мяжу. Хочуць зрабіць больш эфектыўнай сістэму кіравання дзяржавай.

Сяргей Гайдукевіч абяцае павысіць рэальны даход насельніцтва. Мікалай Улаховіч — “павялічыць долю дзяржаўных укладанняў у развіццё аховы здароўя, адукацыі, культуры і навукі”. Таццяна Караткевіч плануе правесці пенсійную рэформу без павелічэння пенсійнага ўзросту. Аляксандр Лукашэнка абяцае “стварэнне сучаснай сістэмы даступнага іпатэчнага крэдытавання. У кожнай беларускай сям’і, якая рэальна мае патрэбу ў новым жыллі, будзе магчымасць пабудаваць сабе дом або кватэру”.

Падобныя абяцанні мелі і еўрапейскія прэзідэнты. Француа Аланд абяцаў павялічыць фінансавую дапамогу па беспрацоўі ў краіне, легалізаваць аднаполыя шлюбы. Даля Грыбаўскайтэ напісала ў праграме пра стварэнне новых працоўных месцаў. А Анджэй Дуда абяцаў панізіць пенсійны ўзрост: “Адной з маіх першых ініцыятываў будзе скасаванне закона, які падняў пенсійны ўзрост да 67 гадоў”.

Чым адрозніваюцца праграмы кандыдатаў у Беларусі і краінах ЕС?

Замежная палітыка

У пытаннях замежнай палітыкі ўсе беларускія кандыдаты выступаюць за мірную Беларусь, за развіццё сувязяў і сяброўства ва ўсіх кірунках. Таццяна Караткевіч абяцае “рэалізаваць па-сапраўднаму шматвектарную замежную палітыку без непатрэбных перакосаў ва ўсходні ці заходні бок. Вывесці з краіны замежныя вайсковыя базы. Беларусь не будзе ўваходзіць ні ў якія ваенныя блокі, якія могуць уцягнуць яе ва ўзброены канфлікт”. Мікалай Улаховіч піша пра паглыбленне і развіццё раўнапраўных саюзніцкіх адносінаў з Расіяй. Сяргей Гайдукевіч абяцае будаваць саюзніцкія адносіны з Расіяй і партнёрскія з Захадам. Аляксандр Лукашэнка бачыць сваёй найважнейшай задачай, каб Беларусь была заўжды свабоднай і незалежнай.

У пытаннях замежнай палітыкі прэзідэнты краін ЕС закраналі зусім іншыя пытанні. Даля Грыбаўскайтэ заявіла пра больш эфектыўнае існаванне ў ЕС.

“Як мы імкнёмся да лідарства на ўсходзе, так мы мусім быць больш актыўнымі, прафесійнымі і эфектыўнымі на захадзе”.

Анджэй Дуда абяцаў больш актыўна супрацоўнічаць з ЗША і NATO. Франсуа Аланд збіраўся супрацьстаяць тэрарызму, вывесці войскі з Афганістана, падтрымаць стварэнне новай Палесцінскай дзяржавы і спрыяць міру паміж Ізраілем і Палесцінай.

Перадвыбарныя праграмы як беларускіх, так і еўрапейскіх кандыдатаў маюць шмат агульнага. Усе яны складаюцца пераважна з папулісцкіх лозунгаў.

Фота: dw.com, 4liberty.eu, washingtonpost.com, REUTERS/Kacper Pempel

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі