Чым і калі скончыцца Майдан? Меркаванні шараговых удзельнікаў
Наталля і Таццяна прыезджыя, з аднаго пакалення і сацыяльнага слоя, але маюць супрацьлеглыя погляды.
У Кіеве жанчыны бываюць рэдка, раз на некалькі гадоў ледзьве не выпадкова. Наталля прыязджае з заходняй Хмяльніччыны, Таццяна — з поўдня краіны, з Умані. Насуперак стэрэатыпам, заходніцу сустракаю на Антымайдане, а жыхарку поўдня — на лавачцы пасярод Майдана. Абедзвюм задаю аднолькавыя пытанні і чую вельмі розныя адказы.
Наталля, Антымайдан. Хатняя гаспадыня, Ізяслаў, Хмяльніцкая вобласць.
Таццяна, Майдан. Пенсіянерка, Умань.
Еўрарадыё: Чаму вы прыйшлі менавіта на гэты мітынг, а не на іншы?
Наталля: Таму што я люблю нашага прэзідэнта. І я прыйшла яго падтрымаць, як і ўсе мае паплечнікі. І мы сюды прыехалі па ўласным жаданні. Усе, хто паважае прэзідэнта, — усе прыехалі па ўласным жаданні. Яго падтрымаць. Вось на Майдане гавораць, што мы тут за грошы, але гэта няпраўда ўсё. Цяпер для прэзідэнта няпросты час, на яго ціснуць, і мы вырашылі паказаць, што ён таксама не адзін, што за ім людзі.
Таццяна: Я тут трэці дзень, заўтра паеду дадому, бо не магу стаяць пастаянна на барыкадах, як нашы мужчыны. Прыехала пранікнуцца гэтым духам свабоды. Бо ў нас тут зараз сапраўдны дух свабоды. Мне вось хутка 65 гадоў, і я дагэтуль не ведала, што ва Украіне ёсць сапраўдныя ўкраінцы. Патрыёты. І я вельмі ганаруся гэтым.
Еўрарадыё: Што вы думаеце аб іншым мітынгу, які зараз адбываецца на Майдане Незалежнасці?
Наталля: Вы ведаеце, мне падаецца, што там шмат хто займаецца не той справай, што трэба. Яны там адны — адзін бок, іншыя — іншы. Яны самі не ведаюць, чаго хочуць там. Яны гавораць, што мы стаім за грошы, а самі таксама атрымліваюць, я гэта дакладна ведаю. Не трэба думаць, што яны там за свабоду толькі. У нас ва Украіне ўсё няпроста, іх таксама фінансуюць, ёсць зацікаўленыя людзі.
Таццяна: Таму што я супраць гэтага рэжыму, які мы маем ва Украіне. І нашыя два мітынгі нельга параўнаць. Той мітынг праплачаны, гэта стоадсоткава дакладная інфармацыя. А тут пачалося без палітыкі. Тут мітынг студэнты пачалі, моладзь. А потым палітыкі падключыліся. Бо змена ўлады не можа адбывацца без палітыкі. Але я перакананая, што тут усе добраахвотна, па сваёй добрай волі. А там адміністратыўны рэсурс.
Еўрарадыё: Як вы думаеце, чым скончыцца гэтае супрацьстаянне?
Наталля: Вы ведаеце, мне падаецца, што яно скончыцца ўсім добрым. Калі шчыра, то я б хацела, каб у нас было ўзаемаразуменне. Каб мы адзін аднаго проста зразумелі — і ўсё, яны і мы. Каб не было гэтай варажнечы, бойкі гэтай… Навошта яно трэба? Каб разышліся мітынгі гэтыя, і прэзідэнт і ўрад нармальна маглі працаваць. Яны разумныя людзі, ведаюць, што трэба рабіць.
Таццяна: Наш мітынг пераможа, пераможа Еўрамайдан. Бо тут добрая воля… Шчыра кажучы, я не бачу будучага прэзідэнта ні ў Клічко, ні ў Цягнібоку, ні ў Яцэнюку. Але галоўнае не яны, а каманда. Як нехта з іх зможа арганізаваць каманду, то мы пераможам і ва Украіне будзе нашмат лепш жыць. Хачу сказаць, што будзе лепш. Я веру ў гэта. Бо горш ужо, чым зараз ва Украіне, быць не можа. Хіба толькі ў нейкім афрыканскім племені можа быць горш.
Еўрамайдан у Кіеве стаіць больш за месяц. Антымайдан амаль разыйшоўся. Прэзідэнт Януковіч не сыходзіць у адстаўку, прэм’ер Азараў таксама захоўвае сваю пасаду. Апазіцыя патрабуе новых прэзідэнцкіх выбараў у наступным годзе.