Чыноўнік пра электроннае дэклараванне: Гэта, вядома, добраахвотна-прымусова

Чыноўнік пра электроннае дэклараванне: Гэта, вядома, добраахвотна-прымусова

Прадпрымальніка Кірыла супрацоўнікі падатковай прымушаюць падключыцца да сістэмы электроннага дэкларавання. Падатковы інспектар тэлефануе раз на тыдзень і нагадвае, што “хутка скончыцца год, трэба паспяшацца”.

“Я не разумею, навошта мне падключаць гэтую сістэму, — здзіўляецца іпэшнік. — У мяне ёсць асноўнае месца працы, сваім ІП я карыстаюся некалькі разоў на год у якасці падпрацоўкі. Мне не складана завезці дэкларацыю па дарозе ў банк, куды я ўсё адно езджу, каб аплаціць падаткі. Ладна, калі б падключэнне да гэтай сістэмы было бясплатным. Атрымліваецца, што яны спрашчаюць працу ў першую чаргу сабе, але ў выніку я чамусьці мушу за гэта плаціць і нямала! І гэта, не ўзгадваючы, што трэба выдаткаваць пэўны час на гэтае падключэнне, бо чэргі ў іх ніхто не адмяняў”.

Каштуе падключэнне сістэмы электроннага дэкларавання на год 375 500 рублёў, на два гады — 469 400. Працяг дамовы на год — 253 800, на два — 317 300. Сапраўды, грошы немалыя, асабліва, калі рэдка карыстаешся.

Праграма, якую прапануюць набыць прадпрымальнікам, распрацаваная для Windows і выклікае безліч нараканняў ад карыстальнікаў. А што рабіць прадпрымальнікам, якія працуюць на MacOS, увогуле незразумела.

“Нэтбук? — чарговы раз перапытвае супрацоўніца гарачай лініі па электронным дэклараванні пасля пытання, ці ёсць праграма для ўстаноўкі на "Макбук". — Некаторыя ўмудраюцца і ўсталёўваюць. У вас жа няма, куды дыск уставіць!? Нічога, на крайні выпадак можна перапісаць усю інфармацыю з нашага дыска з праграмай, там проста на дыску будзе прапісаны ваш сертыфікат”.

То бок разам з праграмай трэба набыць яшчэ і камп'ютар? Ці, можа, усё ж такі электроннае дэклараванне падключаць не абавязкова? Пытаемся ў чыноўніцы УП “Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах”, якая адказвае за СЭД.

“Так, абавязкова! — адразае намесніца старшыні аднаго з аддзелаў. — Нарматыўным дакументам для гэтага з’яўляецца Падатковы кодэкс, у якім адзначаныя арганізацыі, што маюць колькасць супрацоўнікаў пяць і болей чалавек ды плацельшчыкі падатку на дадатковую вартасць. А таксама пастанова ураду, якая называецца “Электронная Беларусь”, дзе напісана, што ўсе суб’екты гаспадарання павінны працаваць у межах электроннага дакументаабароту”.

Еўрарадыё вывучае названыя дакументы і нічога падобнага не знаходзіць. У Артыкуле 63 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь напісана: "Падатковая дэкларацыя (разлік) прадстаўляецца ў падатковы орган па ўсталяванай форме на папяровым носьбіце ці па ўсталяваных фарматах у выглядзе электроннага дакумента".

Інструкцыі пра парадак прадастаўлення электроннага дакумента таксама адзначае ўласны выбар прадпрымальніка: “Прадастаўленне падатковай дэкларацыі, заявы, паведамлення і іншага дакумента у выглядзе электроннага дакумента ажыццяўляецца па ініцыятыве плацельшчыка і пры наяўнасці ў яго праграмных і тэхнічных сродкаў, неабходных для стварэння, апрацоўкі, захоўвання і перадачы інфармацыі ў падатковыя органы”.

На ўсялякі выпадак перапытваем пра неабходнасць электроннага дэкларавання па тэлефоне гарачай лініі УП “Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах” і атрымліваем яшчэ адзін дзіўны адказ:

“Гэта вырашае ваш падатковы інспектар, — з смяшліва адказвае жанчына, якой прадстаўляюся прадпрымальнікам. — Гэта, вядома, так… добраахвотна-прымусова…”

На 1 снежня 2015 года ў Мінску сістэмай электроннага дэкларавання карысталася 85 337 плацельшчыкаў — гэта 81,5% ад зарэгістраваных у інспекцыі горада арганізацый, і 63% індывідуальных прадпрымальнікаў. Прыкладна такая ж сітуацыя і па рэгіёнах Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі