Чыноўнікі расказалі пра суадносіны мясцовых і імпартных лекаў на рынку РБ

Лекавыя прэпараты, ілюстрацыйнае фота 

Лекавыя прэпараты, ілюстрацыйнае фота  / pixabay.com

Доля беларускіх лекаў на ўнутраным рынку ў вартасным выражэнні трымаецца на ўзроўні не меншым за 50%. Пра гэта заявіў у панядзелак на прэс-канферэнцыі ў Мінску гендырэктар РУП "Кіруючая кампанія холдынга "Белфармпрам" Ігар Мітрафанаў.

Пры гэтым "у аб'ёме спажывання ва ўмоўных упакоўках у натуральным выражэнні доля беларускіх лекаў у аптэчнай сетцы складае каля 70%, у шпітальным сектары — 90%", — прыводзіць словы Мітрафанава Reformby.org. Чыноўнік таксама распавёў, што ўсяго ў краіне зарэгістравана 4200 лекавых прэпаратаў, з іх 1750 найменняў выпускаюць мясцовыя прадпрыемствы. Беларускія лекі, паводле слоў Мітрафанава, таннейшыя за імпартныя ў 2-3 разы. Каля паловы наменклатуры беларускіх лекаў — гэта прэпараты коштам да 2 долараў, а каля 26% — коштам да 1 долара.

Чыноўнік таксама распавёў, што "Белфармпрам" цяпер вядзе перамовы аб лакалізацыі вытворчасці лекаў з 10 кампаніямі з Расіі, Ірана і КНР.

Нагадаем, раней беларускія чыноўнікі распавядалі пра цяжкасці, якія ўзніклі пасля ўвядзення санкцый з пастаўкамі лекаў і субстанцый для вытворчасці прэпаратаў у Беларусі. Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, у прыватнасці, казаў, што пасля сыходу з Беларусі буйных замежных вытворцаў і пастаўшчыкоў Міністэрства аховы здароўя вымушанае было шукаць аналагі прэпаратаў у Арменіі, Расіі, Індыі, Бангладэш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі