Ці лічыцца крытыка ў СМІ нанясеннем шкоды нацыянальным інтарэсам?

У панядзелак, 4 траўня, міністр інфармацыі Лілія Ананіч распавядае пра закрыццё 18 сайтаў, бо тыя “выкарыстоўваліся для прапаганды ці гандлю наркотыкамі або ўжывалі ненарматыўную лексіку”, і папярэджвае журналістаў пра неабходнасць размяшчэння выключна "інфармацыі, якая спрыяе развіццю грамадства і дзяржавы і ні ў якім разе не наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам".

Што канкрэтна маецца на ўвазе пад нанясеннем журналістамі “шкоды нацыянальным інтарэсам"? Не крытыкаваць улады, законы, чыноўнікаў? З такім пытаннем Еўрарадыё звяртаецца да міністра інфармацыі на сённяшняй выставе “СМІ Беларусі”.

Лілія Ананіч: Крытыка ўлады і дзяржаўных устаноў — гэта неад’емная частка сродкаў масавай інфармацыі. Але крытыка павінная быць па канкрэтных фактах, узважаная. І самае галоўнае — крытыка, якая стварае новыя працэсы і тыя новыя з’явы, якія, канечне, нараджаюцца ў Беларусі. Мы сёння разам шукаем найлепшыя варыянты развіцця сацыяльнай сферы, эканомікі, ставім галоўнай мэтай развіваць нашу краіну. Таму ўсё, што на карысць гэтаму працэсу, павінная адлюстроўваць медыйная прастора.

На ўдакладненне, што ж тады канкрэтна знятае ці напісанае журналістам міністр лічыць нанясеннем “шкоды нацыянальным інтарэсам", Лілія Ананіч адказваць не стала. “Паглядзіце, колькі вакол цікавых людзей — пагаварыце і з імі!” — раіць яна ў адказ.

Чаму б і не? Накіроўваемся да намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Бузоўскага з пытаннем: “Ці ўспрымаюць у прэзідэнцкай адміністрацыі крытычныя артыкулы ў СМІ як замах на нацыянальную бяспеку?”

Ігар Бузоўскі: “Любая інфармацыя можа насіць альбо канструктыўны, альбо дэструктыўны характар. І калі гэтая інфармацыя носіць станоўчы характар, то адназначна яна будзе ўспрымацца. Па апошніх сустрэчах кіраўніка краіны вы маглі гэта заўважыць. Тое, якім чынам выбудоўваецца дыялог, паказвае, што дзяржава, органы дзяржаўнай улады нават імкнуцца атрымаць такую інфармацыю. Каб прадухіліць нейкія людскія праблемы. Таму гэта вітаецца і, я нават больш чым упэўнены, будзе падтрымлівацца”.

Нечакана, разважаючы на тэму, “чаму могуць навучыцца беларускія СМІ ад замежных калег”, прадстаўнік прэзідэнцкай адміністрацыі заяўляе: як сябе паводзіць “у інфармацыйнай вайне, у інфармацыйнай прапагандзе і контрпрапагандзе, трэба вучыцца ў… Расійскай Федэрацыі”.

Еўрарадыё: Ці не лічыце вы, што беларусаў неабходна ахаваць ад той інфармацыйнай вайны, што ідзе паміж Расіяй і Украінай? Дакладней ад яе расійскай часткі, бо ўкраінскія СМІ ў нас не распаўсюджаныя.

Ігар Бузоўскі: Ёсць такое паняцце, як інфармацыйная бяспека. Маецца на ўвазе — не дапусціць дэзінфармацыі людзей. Гэта галоўная задача, і яна выконваецца. Выконваецца ў межах заканадаўства, у тым ліку на ўзроўні Мінінфарма, Мінсувязі. Каб не было паклёпу, не было заклікаў, забароненых заканадаўчай базай. Заканадаўчая база адпаведная ў Беларусі ёсць, і таму гэта будзе выконвацца і забяспечвацца.

Еўрарадыё: Але прапаганда можа быць хітрая і схаваная. 

Ігар Бузоўскі: Для гэта ёсць сучасныя формы і метады працы з гэтай інфармацыяй. І ў першую чаргу — прадухіленне на ўзроўні нарматыўным. Калі ёсць хітрыя і схаваныя формы паклёпу, заклікаў і гэтак далей, якія мы недаглядзелі з пункту гледжання нарматыўнага, то будзе далей шліфавацца база гэтая.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі